Яркія агеньчыкі дзіцячай творчасці

Новости

Шмат праходзіць у нашым раёне вакальных конкурсаў для дзяцей, але самым вядомым і любімым сярод іх па праву стаў “Маладыя галасы”. Вось і ў мінулыя выхадныя ў чацвёрты раз сцэна РДК заззяла яркімі і непаўторнымі агеньчыкамі дзіцячай творчасці, бо на яе выйшлі юныя зорачкі Браслаўшчыны.
Конкурс “Маладыя галасы” з года ў год збірае самых таленавітых, артыстычных і галасістых дзяцей з усяго раёна. Да свайго поспеху яны ідуць доўга: праходзяць адборачныя туры, рэгулярна займаюцца з педагогамі вакалам, рыхтуюць канцэртныя нумары. І ўсё для таго, каб паказаць свае вакальныя здольнасці і парадаваць гледачоў. Дарэчы, асабліва ў апошнія гады гэты конкурс праходзіць на ўра і кожны раз збірае поўную залу.
Маленькімі, але ўпэўненымі крокамі падымаюцца юныя артысты па лесвіцы поспеху, і з кожным годам іх становіцца ўсё больш. Сёлета пакарыць сцэну паспрабавалі 18 маладых дараванняў, кожны з якіх змагаўся за перамогу ў сваёй узроставай катэгорыі: 6-10, 11-14 ці 15-18 гадоў.
Разнастайная конкурсная праграма падарыла шмат станоўчых эмоцый і прыемных хвілін гледачам. Па многіх выступленнях было бачна, што дзеці не толькі выдатна спяваюць, але і ўмеюць упэўнена трымацца на сцэне. А імёны некаторых з іх ужо на слыху гледача, бо за плячамі юных дараванняў перамогі не ў адным конкурсе. Для тых жа хто ўпершыню выйшаў на раённую сцэну, магчыма, яна стане выдатнай стартавай пляцоўкай. Немагчыма было не заўважыць яркія нумары Сабіны Шчэцінай, Юлі Карнышовай, Ані Бялусь, Каці Прусаковай, Дзіяны Пупінай і іншых дзяцей.
Складаная задача выбраць лепшых з лепшых была ў кампетэнтнага журы ў складзе старшынь райвыканкама і райсавета Сяргея Шматава і Ніны Пучынскай, намесніка старшыні райвыканкама Іны Лысенкі, хормайстра РДК Наталлі Няміры. Да членаў журы таксама далучыліся вядомы доктар і спявак Дзмітрый Сайкоў, кампазітар і аранжыроўшчык Святаслаў Пазняк. Дарэчы, яны частыя госці на браслаўскай зямлі і не раз ацэньвалі здольнасці юных зорачак. Таму і заўважылі, што з кожным годам конкурс набірае моц, папулярнасць і вызначыцца з пераможцам вельмі складана.
Пра важнасць падзеі гаварыў і Сяргей Шматаў. Ён пажадаў поспехаў і здзяйснення мар юным талентам, зазначыўшы пры гэтым, што іх чакае вялікая сцэнічная будучыня. Сваё меркаванне пра конкурс выказалі і госці з Мінска. Так, Святаслаў Пазняк назваў яго святам жыцця і творчасці, якое выклікае толькі пачуццё радасці. А Дзмітрый Сайкоў падкрэсліў: “Кожны з вас зрабіў сёння значны крок наперад, паказаў усё, на што здольны. Не ацаніць гэта немагчыма. Спадзяюся, хоць і не ўсіх, але многіх чакае вялікая будучыня і прызванне. Асабіста мне кожнага з вас хацелася сёння назваць пераможцам.”
А пакуль журы вырашала, хто ж дастойны перамогі, радавалі гледачоў сваімі песнямі пераможцы гэтага конкурсу мінулага года, а таксама народны тэатр “Покер” і танцавальны калектыў “Такт”.
Пасля некалькіх хвілін хвалявання ўсе ўдзельнікі на сцэне пачулі вердыкт журы. У малодшай узроставай групе ёй становіцца Сабіна Шчэціна, якая з яркім і непаўторным нумарам, а таксама моцным вакалам абышла канкурэнтаў. У сярэдняй узроставай групе не было роўных Дзіяне Пупінай, дзяўчынка проста пакарыла ўсіх не толькі выкананнем песні, але і акцёрскімі здольнасцямі. У старэйшай групе перамога была на баку Юліі Герон, якая пранікнёна выканала сваю кампазіцыю. Святаслаў Пазняк і Дзмітрый Сайкоў ад сябе асабіста ўручылі прыз некаторым юным зорачкам. Яны запрасілі ўладальнікаў першых месц на запіс у прафесійную музычную студыю “Нардзін”, а да пераможцаў далучацца таксама Кацярына Прусакова і Настасся Мацук.
Без прызоў у гэты дзень не застаўся ніхто. Дыпломы і падарункі атрымалі ўсе ўдзельнікі, але больш за ўсё ім, напэўна, запомніцца ўтульная атмасфера ў зале, гучныя апладысменты і “брава”.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.