Гатоўнасць тэхнікі нізкая

Главное

На працягу апошніх тыдняў сакавіка ў сельгаспрадпрыемствах раёна праводзіўся тэхагляд трактароў і прычэпаў. Наколькі падрыхтаваліся да гэтай адказнай працэдуры нашы гаспадаркі карэспандэнту газеты Аляксандру Азевічу расказаў начальнік дзяржтэхнагляду Леанід Заяц.
— За апошнія гады трактарны парк сельгасарганізацый раёна рэгулярна папаўняўся новымі трактарамі. Падрыхтаваць жа новую тэхніку да праходжання тэхагляду значна лягчэй, чым зношаныя агрэгаты. На жаль, на практыцы атрымліваецца наадварот. Сёлета з першага разу з усіх выстаўленых на працэдуру праверкі адпаведнасці тэхнічным патрабаванням трактароў спраўнымі былі толькі 53% іх. І гэта пры тым, што тэхніка павінна адпавядаць мінімуму патрабаванняў: спраўнасці гукавой і светлавой сігналізацыі, рулявога кіравання, работы блакіровачнага ўстройства запуску рухавіка пры ўключанай перадачы. Аднак і гэты мінімум вытрымліваюць далёка не ўсе. У дадатак адзнаку аб праходжанні тэхагляду не атрымалі спраўныя энерганасычаныя трактары, якія па ўмовах эксплуатацыі павінны былі прайсці чарговае тэхнічнае абслугоўванне ў сэрвісных цэнтрах, аднак яны туды не дастаўляліся.
Скажу, што даволі сур’ёзна і адказна аднесліся да веснавога экзамену кіраўнікі, інжынерная служба, механізатары толькі ў СВК “Маяк Браслаўскі” і ААТ “Альшанка”, дзе тэхагляд прайшлі 83 і 81% падрыхтаваных трактароў.
І ні ў якія разумныя рамкі не ўмяшчаюцца адносіны кіраўнікоў і інжынераў ААТ “Бярозавы край” і КУСП “Браслаўскі”. Там тэхнічным патрабаванням адпавядаюць 18 і 13%. У апошняй гаспадарцы наогул выставілі на агляд перададзеныя льнозаводам трактары, якія не перарэгістраваны на сельгаспрадпрыемства. З моманту ж перадачы прайшло больш за год.
Цяпер пачынаецца другі круг праходжання тэхагляду, які завершыцца 12 красавіка. А там, пэўна, і пасяўная пачнецца. Дапускаць жа да работы тэхніку, якая не прайшла агляду, катэгарычна забаронена. Таму папярэджваю кіраўнікоў і інжынераў: за кожны выпуск на лінію няспраўных трактароў будзеце несці асабістую адказнасць.
Б/З: У сераду разам з Леанідам Зайцам аўтар прысутнічаў на працэдуры тэхагляду ў ААТ “Агравідзы”. Там два паўнацэнна дзеючыя мехдвары. Здавалася, адна гаспадарка, адзіныя падыходы да работы. Ды адносіны механізатараў вельмі розняцца. Калі ў Відзах-Лаўчынскіх тэхніка нават знешнім выглядам радавала вока, то ў Вайнюнах яе нават і не памылі. Так і не зразумеў, чаму ў адной гаспадарцы такія кантрасты.

Фота Аляксандра Азевіча.