Зноў пра аплату за электраэнергію

Главное

У Энергазбыт паступае шмат пытанняў наконт аплаты за спажытую электраэнергію па дыферэнцыраваных тарыфах. На пытанні, якія сустракаюцца найбольш часта, адказвае начальнік філіяла Вячаслаў Салонінка.
У кватэры тры сям’і, усяго шэсць чалавек. Атрымліваецца, што за электраэнергію мы плацім шмат. Асабовы рахунак падзяліць не можам, таму што тады дзяцей здымуць з чаргі на кватэру. Што рабіць?


— Справа ў тым, што дыферэнцыраваная сістэма аплаты не залежыць ад таго, колькі чалавек жыве або зарэгістравана ў кватэры ці доме. У нашай краіне штогадовая міграцыя насельніцтва складае 10%. Людзі пастаянна пераязджаюць з горада ў горад. Энергазберагаючым арганізацыям адслядзіць такую міграцыю цяжка. Прытым, на жаль, у многіх выпадках месца рэгістрацыі ці прапіскі не супадае з месцам пражывання. Усе гэтыя нюансы прымусілі прыняць такое рашэнне.
Чаму тады ўстаноўлены такія малыя ліміты на кватэры з газавымі і электрычнымі плітамі?
— У мінулым годзе насельніцтва спажыло 5 млрд. 800 млн. кВт*г. Значыць, у сярэднім наш абанент спажывае 112 кВт*г у месяц.
У такім выпадку ў вас ёсць альтэрнатыўны варыянт. Вы можаце перайсці на дыферэнцыраваную сістэму аплаты па часу сутак. Гэты варыянт прапануе нізкі тарыф з 22.00 да 17.00. Калі ў вас газавая пліта, то тарыф будзе каштаваць 267,7 рубля. Плюс ён распаўсюджваецца на выхадныя і святочныя дні кругласутачна. Але там высокі тарыф у перыяд максімальных нагрузак – з 17.00 да 22.00 – 764,8 руб. Вы павінны прааналізаваць, калі спажываеце больш энергіі, і паглядзець, выгадны вам такі тарыф ці не. Калі ён вам прыйдзецца даспадобы, трэба звярнуцца ў Энергазбыт, напісаць заяву, набыць электронны лічыльнік. Вас навучаць правільна здымаць паказанні і плаціць па гэтым лічыльніку.
У нас у кватэры жыве дзве сям’і. Як дзяліць кілаваты, калі лічыльнік агульны?


— Вы павінны мірна вырашыць гэта пытанне. Дамовіцца пра тое, хто колькі плаціць. Калі не можаце – вырашайце праблему ў судзе. Трэці варыянт – раздзяленне электраправодкі, змяненне схем электразабеспячэння і раздзялення лічыльніка. Праўда, цана пытання будзе немалая: электронны лічыльнік каштуе каля 600-800 тысяч рублёў, новая праводка яшчэ запатрабуе новых укладанняў. Неабходна таксама звярнуцца ў ЖКГ за атрыманнем тэхнічных умоў і ўзгадніць перапланіроўку, а потым зрабіць праект, які неабходна будзе ўзгадніць з энергазабяспечваючай
арганізацыяй.
Як павінны плаціць за святло дачнікі?


— З дачнымі і садовымі кааператывамі ў энергазабяспечваючых арганізацый заключаны дагаворы як з юрыдычнымі асобамі. Аплата робіцца па агульным прыборы ўліку і па тарыфе, які ўстаноўлены для насельніцтва – 382,4 рубля. Дыферэнцыраваныя тарыфы на дачныя і гаражныя кааператывы не распаўсюджваюцца.
Па якіх тарыфах трэба плаціць за электрычнасць у кватэры, у якой ніхто не прапісаны?


— У кватэры ёсць прыбор уліку электрычнай энергіі, які фіксуе любое спажыванне святла. І дыферэнцыраваныя тарыфы не залежаць ад таго, колькі чалавек жыве або прапісана ў кватэры. Калі па лічыльніку прайшла некаторая колькасць кілават, то яна павінна быць аплачана. Калі ў кватэры ўстаноўлена газавая пліта, даецца 150 кВт*г па льготным тарыфе, калі электрапліта – 250 кВт*г. І аплата не залежыць ад таго, прапісаны нехта ў кватэры ці яна пустуе.
Ёсць яшчэ нямала пытанняў, на якія людзі хочуць атрымаць адказы. У наступных нумарах газеты мы працягнем гэту тэму.

Матэрыял да друку падрыхтавала Зінаіда Палулех.