Крыжы ўздоўж дарог (запрашаем да абмеркавання)

Главное

Колькі іх уздоўж дарог – крыжоў, агароджаў, слупоў, абвязаных жалобнай стужкай, з пацямнеўшымі ад часу вянкамі. Кожны – нямы напамінак пра тое, што на гэтым месцы загінуў чалавек.
Іншы раз на крыжах можна бачыць фота маладых хлопцаў, даты іх жыцця. Праўда, ад такой колькасці манументаў, якія сустракаюцца дастаткова часта і ў нашым раёне, становіцца проста страшна.
Ёсць дарогі, дзе найбольш часта здараюцца такія аварыі. Нярэдка такія ўчасткі называюць праклятымі. Аднак хутчэй за ўсё ва ўсіх гэтых аварыях і трагедыях вінаваты самі вадзіцелямі, якія грэбуюць правіламі дарожнага руху.
Я пацікавілася ў старшага інспектара АДАІ Браслаўскага РАУС Уладзіміра Лапко, з яго кропкі погляду такія знакі на дарогах – гэта прафілактыка ці, наадварот, перашкода для вадзіцеляў. На што ён мне адназначна адказаў:
— Гэта вельмі моцны фактар прафілактыкі. У любым выпадку, убачыўшы такі крыж, вадзіцель яшчэ колькі кіламетраў памятае пра яго і стараецца ехаць па правілах.
А яшчэ Уладзімір расказаў, што нашы суседзі-латышы ўвогуле выкарыстоўваюць такую інавацыйную меру прафілактыкі: на крыжы ўздоўж дарог вешаюць пакарожаныя веласіпеды, мапеды. Гэта яшчэ мацней псіхалагічна ўздзейнічае на вадзіцеляў, якія іншы раз нясуцца па трасе з неймавернай хуткасцю.
На трасах у іншых краінах можна бачыць таксама быўшыя ў аварыі машыны. Эстэтыкі, вядома ж, у такім відовішчы мала, але ўбачанае запамінаецца.
Я пацікавілася таксама пра гэтыя захавальнікі смутку ў некалькіх вадзіцеляў. Вось што яны адказалі:
Мікалай, вадзіцельскі стаж 23 гады:
— Гэтыя знакі, вядома ж, канцэнтруюць увагу вадзіцеляў. Бачна, што тут аварыйна-небяспечны ўчастак. Але калі іх многа па дарозе, становіцца не па сабе. Сваякам, вядома ж, памяць, а я імкнуся пра непрыемнасці не думаць і ўважліва сачу за дарогай.
— Ганна, вадзіцельскі стаж 4 гады:
— На мяне такія знакі дзейнічаюць як шокатэрапія. Яны напамінаюць вадзіцелям пра неабходнасць захавання правілаў дарожнага руху. Я не асуджаю сваякоў, якія палічылі патрэбным устанавіць такія крыжы ўздоўж дарог. Але сама не бачу сэнсу ў такой традыцыі. Ёсць могілкі, куды прыходзяць памінаць памершых.
Ну, і вядома ж, я не магла не звярнуцца з пытаннем, ці можна па хрысціянскай традыцыі ўстанаўліваць на месцы дарожнай аварыі крыжы і помнікі, да настаяцеля Свята-Успенскай праваслаўнай царквы айца Анатоля:
— З пункту погляду царквы, крыж можна ўстанаўліваць усюды. Ён сімвалізуе не смерць, а жыццё, радасць, уваскрэсенне. Але людзі часта не разумеюць сапраўднага прызначэння крыжа. Узводзячы помнікі на месцы аварыі, яны, па сутнасці, ставяць магілы: з агароджамі, вянкамі, таблічкамі, фотаздымкамі. А так нельга. Для гэтага ёсць могілкі. Нярэдка крыжы ўстанаўліваюць на скрыжаванні дарог. Гэта не азначае, што такі ўчастак – найбольш аварыйны. Крыж благаслаўляе ў такім выпадку на дальнюю дарогу.
Але большасць людзей, чые родныя, блізкія, знаёмыя загінулі ў аварыях на дарогах, лічаць за правіла памянуць загінуўшага, прыйшоўшы на могілкі, паставіць у царкве за яго спачын свечку.
Як бы там ні было, але пра чалавека пасля смерці павінна заставацца светлая памяць, а не рытуальная мішура ўздоўж дарог.
Магчыма, у нашых чытачоў ёсць іншыя меркаванні на гэты конт. Буду вельмі ўдзячна, калі яны выкажуць свае думкі на гэту тэму. Хацелася б, адназначна, даведацца, як ставяцца да крыжоў уздоўж дарог людзі, у якіх загінулі ў аварыях родныя і блізкія. Буду ўдзячна за працяг тэмы.

Зінаіда Палулех.