Злодзея стварае магчымасць украсці

Актуальное

У адзін з вераснёўскіх дзён мінулага года два непаўналетнія жыхары нашага раёна, прагульваючыся па вёсцы, ламалі галаву, дзе б набыць грошай. Раптоўна ўзнікшая ідэя ўкрасці, а затым прадаць быка з фермы БРЖ “Пеліканы” ААТ “Бярозавы край”, падалася ім вельмі прывабнай і лёгка здзяйснімай.
І хлопцы рашуча ўзяліся за “справу”. Спачатку, вядома ж, абмеркавалі нюансы крадзяжу. Затым ноччу праз акно праніклі на ферму, выбралі самага вялікага быка, свабодна вывелі яго з памяшкання і прывязалі ў кустах за комплексам да дрэва. Можна толькі здзівіцца, чым у гэты час быў заняты вартаўнік — не іголку ж выносілі!
Назаўтра падчас куплі-продажу ўжо забітай, але не разабранай яшчэ жывёліны, юнакі былі заўважаны работнікамі комплексу. З месца падзеі, вядома ж, уцяклі, але праз нейкі час былі затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.
Хутка стала зразумела, што з фермы быў украдзены і зарэзаны племянны бык коштам 27 847 230 руб., што ў адпаведнасці з Крымінальным кодэксам РБ кваліфікуецца як крадзеж у асабліва буйным памеры і караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці ці без яе.
У адносінах да непаўналетніх была распачата крымінальная справа. Падчас папярэдняга следства іх бацькі кампенсавалі ўрон, нанесены гаспадарцы, амаль на 20 млн. руб.
Суд Браслаўскага раёна з улікам узросту непаўналетніх, поўнага пагашэння ўрону сельгаспрадпрыемству і шэрага іншых змякчаючых віну акалічнасцей вынес прыгавор пакараць іх на 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання на 2 гады.
Вось так, здавалася б, простая і лёгка здзяйснімая ідэя зарабіць прывяла юнакоў, зараз ужо злачынцаў, на лаву падсудных, а іх бацькоў да вялізных страт. Пры гэтым трэба заўважыць, што злодзея стварае магчымасць украсці, а яна на комплексе “Пеліканы” была, пра што непаўналетнія выдатна ведалі.

Віталь Даргель,
следчы раённага следчага камітэта.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *