IMG_0654 (Small)

Якаснае харчаванне — добрае здароўе.

Актуальное

Залогам моцнага здароўя і паспяховай вучобы школьнікаў з’яўляецца правільнае харчаванне. Як і чым кормяць нашых дзяцей, высвятляла супрацоўнік газеты Алена Пятушка.
— Харчаванне вучняў ажыццяўляецца як за кошт бюджэтных сродкаў (78,2%), так і бацькоўскіх (19,5%), астатнія (2,3 %) карыстаюцца паслугамі буфета, — патлумачыла тэхнолаг раённага аддзела адукацыі Алена Галыня. — Кошт абедаў залежыць ад узросту дзяцей: ад 6084 руб. у малодшых класах да 7356 руб. у старэйшых. Вучні, якія наведваюць групы падоўжанага дня, атрымліваюць 2-х — ці 3-хразовае харчаванне, а хто жыве ў інтэрнаце і 4-хразовае.
Як паведаміла А. Галыня, для ўсіх школ распрацаваны двухтыднёвы рацыён на сезон, згодна з якім меню атрымліваецца разнастайным. Абавязкова ў рацыён школьнікаў уваходзіць гародніна і садавіна. Пры складзе меню ўлічваецца каларыйнасць страў, збалансаванасць па бялках, тлушчах, вугляводах, дадаецца ў стравы і вітамін С. Не застаецца па-за ўвагай і попыт вучняў.
Зразумела, што ажыццявіць некаторыя дзіцячыя просьбы ў школе немагчыма, ды і не варта. Як вядома, карысная ежа не заўсёды смачная.
А ў «чорны спіс», згодна з санітарнымі і гігіенічнымі нормамі ад 27 снежня 2012 года, трапілі камбінаваныя тлушчы, вырабы ў фрыцюры, касцявыя булёны, вострыя прыправы, воцат і прадукты з яго выкарыстаннем, а таксама тлустае мяса. Забаронены і салодкія газіраваныя, а таксама танізуючыя напіткі, у тым ліку натуральная кава. У спіс уключаны таксама сыравэнджаныя каўбасы і вырабы, рыбныя кансервы ў таматным соўсе. Скарацілі ў школьных сталовых і асартымент кандытарскіх вырабаў.
Многія школы для змяншэння кошту харчавання і павышэння яго якасці вырошчваюць бульбу і гародніну на прышкольных участках ці атрымліваюць бясплатную дапамогу ад шэфаў. Сёлета, напрыклад, для школьных сталовых было закладзена 41,3 т бульбы, 26,7 т гародніны, 2,33 т яблыкаў. Акрамя таго, аддзел адукацыі заключыў дагаворы на прамыя пастаўкі прадукцыі з Глыбоцкім МКК, нашым хлебазаводам, з наваполацкай фірмай. Падбор кадраў — таксама немалаважны аспект у рабоце харчблока. Як заверыла А. Галыня, усе повары маюць 4 або 3 разрад спецыяльнай кваліфікацыі. Не на апошнім месцы мадэрнізацыя і перааснашчынне аб’ектаў харчавання ўстаноў адукацыі. Толькі ў 2012 годзе на гэтыя мэты затрачана 212,47 млн. рублёў бюджэтных і 20,93 млн. — пазабюджэтных сродкаў. Дзякуючы спонсарскай дапамозе Віцебскаблгаза, заменена мэбля ў сталовай гімназіі на суму 181,1 млн. рублёў (на здымку).
Як бачым, установы адукацыі зацікаўлены ў тым, каб нашы дзеці атрымлівалі якаснае і карыснае харчаванне. Але будзе няправільна, калі мы ўсё спіхнём на школу, маўляў, грошы заплачаны — павінны карміць. Многае залежыць ад таго, якія навыкі здаровага харчавання прывіты дзецям у сям’і. Бо менавіта ў школьным узросце пачынаецца павальнае захапленне дзяцей фаст-фудам, а ў дзяўчынак-старшакласніц яшчэ і нездаровымі дыетамі. А калі дзіця харчуецца комплексным абедам, па досыць прымальнай цане, бацькі могуць быць спакойнымі, што яно на ўроку думае пра гістарычныя даты і матэматычныя прыклады, а не пра тое, што галоднае.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.