Прысвячалася вартавым парадку

Актуальное

У панядзелак усе супрацоўнікі беларускай міліцыі адзначалі сваё прафесійнае свята і 96-годдзе ўтварэння службы. З гэтай нагоды ўрачыстае мерапрыемства прайшло і ў Браслаўскім РАУС.
Па традыцыі першым з прафесійным святам усіх супрацоўнікаў павіншаваў начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў Вячаслаў Грышчанка. Ён нагадаў прысутным пра вынікі работы за мінулы год і асабліва адзначыў, што калектыў добра справіўся з пастаўленай перад ім задачай і зараз у раёне адзін з самых нізкіх узроўняў злачыннасці ў вобласці. Вячаслаў Віктаравіч таксама ўспомніў былых супрацоўнікаў, якія шмат гадоў аддалі службе ў міліцыі, і тых, хто за грамадскі парадак аддаў жыццё. Падзякаваўшы за самаадданую працу, стойкасць і мужнасць сваім супрацоўнікам, ён пажадаў ім здароўя, сямейнага дабрабыту, вытрымкі, а лепшым уручыў узнагароды. Так, граматай упраўлення ўнутраных спраў адзначаны першы намеснік начальніка міліцыі Андрэй Бабуль, падзячнымі пісьмамі – начальнік ізалятара часовага ўтрымання Аляксандр Зыкаў і галоўны пашпартыст аддзела па грамадзянстве і міграцыі Галіна Маткоўская.
Павіншаваць супрацоўнікаў РАУС з прафесійным святам прыйшоў і старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў. Ён адзначыў станоўчыя вынікі работы РАУС і выказаў шмат цёплых слоў у адрас міліцыянераў, якія працуюць паспяхова і гэта бачна ў нашым раёне. Сяргей Мікалаевіч таксама ўручыў лепшым супрацоўнікам ганаровыя граматы і падзячныя пісьмы райвыканкама. Граматы атрымалі інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі Іван Багдановіч, міліцыянер ізалятара часовага ўтрымання Іван Голубеў, а падзячныя пісьмы – участковы інспектар Вадзім Балтуноў і інспектар ДПС Барыс Прусакоў. Ганаровай граматай быў адзначаны і начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі Анатоль Пабяржын. Па выніках 2012 года ён прызнаны лепшым па прафесіі ў вобласці сярод супрацоўнікаў крымінальна-выканаўчых інспекцый.
Але ж ахова правапарадку справа агульная. І вялікую дапамогу ў барацьбе са злачыннасцю, папярэджванні правапарушэнняў на тэрыторыі нашага раёна аказваюць добраахвотныя дружыны, якія дзейнічаюць у сельскіх Саветах і г. Браславе. З мэтай выяўлення лепшых дружын і дружыннікаў штогод праводзіцца конкурс, а пераможцаў потым запрашаюць на ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню міліцыі. Вось і ў панядзелак старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў уручыў ім дыпломы. У мінулым годзе ў першай намінацыі вызначылася добраахвотная дружына пры Мяжанскім сельсавеце, а ў другой – вадзіцель НП “Браслаўскія азёры” Аляксандр Акуліч. Таксама дыпломам быў адзначаны і лепшы пункт аховы правапарадку, які знаходзіцца ў Ахрэмавецкім сельсавеце.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *