IMG_0916 (Small)

Гаспадараць у вёсцы дзікі

Актуальное

Можна зразумець сітуацыю, калі ў рэдакцыю тэлефануюць жыхары хутароў ці маленькіх вёсачак і скардзяцца на тое, што з наступленнем прыцемкаў дзікі на дазваляюць выйсці з хаты, бо гаспадараць літаральна пад вокнамі, не звяртаючы ўвагі ні на сабак, ні на людзей. Калі ж у панядзелак раніцай пазваніла Галіна Зарэнка з вёскі Азяраўцы і расказала пра тую ж самую навалу, то, прызнацца, не паверыў. Падумаў, перабольшвае жанчына. Мо, дзе з краю агарода і капнуў звер лычом, але, каб сваволіў у вёсцы з інтэнсіўным аўтамабільным рухам — гэта ўжо занадта. Таму неадкладна паехаў да тэлефанаваўшай. Якім жа было маё здзіўленне, калі, зірнуўшы ў двор, убачыў уздоўж бетоннай агароджы вырытую траншэю глыбінёй вышэй калена (на здымку). Выйшла і гаспадыня, якая плакала, не хаваючы слёз.
— Прыйдзе вясна, — казала, — растануць глеба і снег, які ўтрымлівае агароджу з боку дарогі, плот абавязкова заваліцца. А мне ўжо не па сілах яго аднавіць. Тэлефанавала ў нацыянальны парк, аднак ад мяне адмахнуліся. Такое ўражанне, што для іх дзікі каштоўней спакою людзей.
І наконт апошняга жанчына мае рацыю. Сапраўды, ужо колькі гадоў запар людзі стукаюцца ва ўсе інстанцыі, просяць адміністрацыю нацыянальнага парку прыняць меры па скарачэнні папуляцыі дзікоў, але іх ніхто не чуе. Жыхары раёна, сельгаспрадпрыемствы нясуць неймаверныя страты, а нацпарк стрыжэ з гэтага купоны, прадаючы дазволы на адстрэл дзікоў.

Тэкст і фота Аляксандра Азевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.