Чаму не дабіраем прадукцыі?

Власть и общество

Менавіта пра гэта вялася размова на чарговым пасяджэнні калегіі ўпраўлення райсельгасхарча, на якое на гэты раз запрасілі не толькі кіраўнікоў гаспадарак, але і галоўных заатэхнікаў гаспадарак ветурачоў, загадчыкаў ферм. Такое пашыранае прадстаўніцтва спецыялістаў і кіруючага звяна жывёладоўчай галіны было невыпадковым. За 2 месяцы бягучага года раён хранічна не дабірае прадукцыі. І яе падзенне відавочнае. Ужо ў мінулым годзе мы пачалі зніжаць валавую вытворчасць малака, асноўнай крыніцы паступлення грашовых сродкаў. Да ўзроўню папярэдняга. Не лепшым чынам пачаўся і сёлетні. Адстаём ад мінулагодніх паказчыкаў. І па папярэдніх падліках спецыялістаў упраўлення такая сітуацыя, калі яе карэнным чынам не змяніць, можа цягнуцца яшчэ доўга.
Як падкрэсліваў у сваім выступленні намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарча Аляксандр Дзегцяроў, вытворчасць малака трымаецца на трох “кітах”: збалансаваным кармленні, якасным узнаўленні і тэхналагічнай дысцыпліне абслугоўваючага персаналу. На жаль, ні ў адзін з гэтых параметраў мы і не ўкладваемся. Мала таго, што травяністыя кармы ў большасці гаспадарак нізкай якасці, дык іх яшчэ і не хапае. Напрыклад, “Мяжаны” ўжо “косяць дугой”. Хутка вымушаны будуць заняцца гэтай няўдзячнай справай і яшчэ 2-3 сельгаспрадпрыемствы.
Увод у асноўны статак маладняку, планавыя расцёлы кароў — гэта не толькі цяперашнія надоі, а і будучыня дойнага пагалоўя. І тут зноў няма перспектывы на сёлетні год. Па атрыманыя за 2 месцы прыплодзе цялят — адставанне ад плануемага, уводзе першацёлак — тое ж самае. На паперах групы раздою сфарміраваны амаль ва ўсіх гаспадарках, на справе ж па тэхналагічных параметрах яны існуюць толькі ў “Маяку Браслаўскім” і “Агравідзах”.
Яшчэ 5-10 гадоў назад наш раён займаў лідзіруючую пазіцыю ў вобласці па выхадзе цялят. У часы барацьбы з лейкозам было забаронена пакрыццё дойнага і статку маладняку быкамі. Нашы тэхнікі-асемянатары лічыліся лепшымі спецыялістамі. Цяпер жа, калі дазволена працаваць з быкамі, на апошніх, так бы моўна казаць, і спіхнулі ўсю “работу”. Ні за выяўленне прыйшоўшых у ахвоту цялушак, ні за іх пакрыццё ніхто не адказвае. Нават вядзенне належнай дакументацыі як след не наладжана. Адсюль і вынікі. Калі спецыялісты племстанцыі прыязджаюць у гаспадарку на рэктальныя даследаванні, то мясцовыя нават не могуць сказаць на якой ферме знаходзіцца тая ці іншая пакрытая быком цялушка і ў які тэрмін трэба яе рэкталіць. Пры такой рабоце па ўзнаўленні малака мець яго ніколі не будзем.
— Загадчыкі ферм заўсёды лічыліся першымі гаспадарамі на ўзначальваемых аб’ектах, — звяртаўся да прысутных начальнік упраўлення Максім Чагарын. — А я яшчэ не з усімі і пазнаёміўся, хоць бываю там штодзень. Раніцай, даяркі кажуць, што толькі пайшла з работы, у абед — будзе вечарам, вечарам — яшчэ будзе. Адсюль і наша арганізацыя працы, захаванне ўсяго ланцуга тэхналагічных патрабаванняў. Загадчыка фермы не кантралююць зоаветспецыялісты, іх кіраўнік, які на сёння ставіць перад сабой адну задачу: раніцай “здабыць” саляркі, каб было на чым падвезці кармы, а потым хоць трава не расці.
Карацей кажучы размова на калегіі атрымалася даволі прынцыповай, а для многіх і не надта прыемнай, бо заканчвалася не толькі крытыкай, а і пісьмовымі вымовамі, якія пацягнуць за сабой грашовыя выдаткі.
Тым не менш закончылася пасяджэнне прыемным падарункам: Максім Чагарын уручыў ганаровыя дыпломы райвыканкама і грашовыя прэміі пераможцам спаборніцтва ў жывёлагадоўчай галіне па выніках работы за мінулы год.

Аляксандр Азевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *