Будзем эканоміць

Актуальное

Пасля ўступлення ў дзеянне Пастановы Савета Міністраў РБ № 52, якой прадугледжваецца ўвядзенне дыферэнцыраванай аплаты насельніцтвам паслуг газа- і электразабеспячэння на тэлефоны “прамой лініі”, якія праводзяць кіраўнікі раёна, энергазбыта, гаргаза паступае шмат званкоў па гэтай тэме. Асабліва хвалюе браслаўчан, якія карыстаюцца электрабойлерамі, тое, што ў вызначаны ўрадам мінімальны ліміт спажывання электрычнай энергіі яны не змогуць укладвацца і плаціць давядзецца па павышаных тарыфах, што не кожнаму па кішэні.
Узнімалі гэта пытанне на апошняй сесіі раённага Савета і дэпутаты, якое прама адрасавалі нашаму парламентарыю Мечыславу Морхату.
На старонках газеты ўжо друкавалася інфармацыя па новых разліках, але паколькі яна была не зусім поўнай, сёння мы зноў вяртаемся да гэтай тэмы.
Сітуацыю пра аплату за электраэнергію ў залежнасці ад аб’ёму яе спажывання каменціруе начальнік філіяла “Энергазбыт” Вячаслаў Салоненка.
Для грамадзян, якія пражываюць у дамах (кватэрах) абсталяваных электраплітамі, устаноўлены наступныя месячныя расцэнкі:
— за спажыванне да 250 кВт•г — па ўстаноўленых дзяржаўных тарыфах (з 1 лютага гэта 324,9 руб. за 1 кВт•г);
— ад 250 да 400 кВт•г па тарыфе з прымяненнем каэфіцыента 1,3 — 422,4 руб. за кВт•г;
— звыш 400 — з поўным пакрыццём затрат — 841,7 руб. за кВт•г.
Домаўладальнікам, якія пражываюць у дамах (кватэрах), не абсталяваных электраплітамі, цэны і ліміты будуць наступныя:
— за спажыванне да 150 кВт•г — 382,4 руб. за кВт•г;
— ад 150 да 300 кВт•г — 497,1 руб. за кВт•г;
— звыш 300 — 841,7 руб. за кВт•г;
Плата за пастаўку электраэнергіі для грамадзян, якія пражываюць у жылых дамах, не абсталяваных электрычнымі плітамі, цэнтральным гарачым водазабеспячэннем і забеспячэннем прыродным газам разлічваецца наступным чынам:
— да 300 кВт•г уключна — 382,4 руб. за кВт•г;
— звыш 300 — 497,1 руб. за кВт•г;
(Усе цэны прыведзены па тарыфе, устаноўленым з 1 лютага 2013 г).
Сістэма дыферэнцыраванай аплаты насельніцтвам паслуг электразабеспячэння не распаўсюджваецца на шматдзетныя сем’і і дамы сямейнага тыпу, сем’і, у якіх выхоўваюцца дзеці і абодва бацькі ў поўных (а не ў поўных адзін) з’яўляюцца інвалідамі І або ІІ групы, а таксама, у якіх адзін з бацькоў мае І групу інваліднасці, а другі атрымлівае дапамогу па яго даглядзе, няпоўныя сем’і, якія выхоўваюць дзіця-інваліда. Не дыферэнцыруюцца аб’ёмы электраэнергіі, спажытай электрапрыёмнікамі (катламі) з магутнасцю больш за 5 кВт для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння. Пад гэтую катэгорыю трапляюць і грамадзяне, якія разлічваюцца па дзеючых дыферэнцыраваных тарыфах у залежнасці ад часу сутак.
З 1 чэрвеня бягучага года з грамадзян, дамы якіх не абсталяваны прыборамі індывідуальнага ўліку спажытай энергіі, плата будзе брацца па цэнах, якія поўнасцю пакрываюць затраты на яе пастаўку.
Больш поўную інфармацыю можна атрымаць па тэл. 22-4-96.
Сітуацыю па газазабеспячэнні каменціруе галоўны інжынер УП “Браслаўрайгаз” Вадзім Шукель.
Сістэма дыферэнцыраванай аплаты па газазабеспячэнні закране не ўсіх спажыўцоў прыроднага газу, а толькі тых, хто выкарыстоўвае яго з мэтай ацяплення. Такія складаюць прыкладна адну пятую частку ад усіх нашых кліентаў.
Для астатняй часткі насельніцтва парадак аплаты не зменіцца.
Такім чынам, аплата за паслугі газазабеспячэння для грамадзян, якія пражываюць у жылых дамах (кватэрах), дзе ўстаноўлены газавае абсталяванне і прыборы індывідуальнага ўліку расходу газу, штомесячна будзе ўтрымлівацца плата ў залежнасці ад гадавых аб’ёмаў спажывання і з улікам нарастаючага выніку штогод з 1 студзеня:
— да 3000 куб. м — па ўстаноўленых заканадаўствам цэнах у ацяпляльны сезон — 358,8, летні перыяд — 933,6 руб за кубаметр;
— ад 3000 да 5550 куб. м — па ўстаноўленых цэнах з прымяненнем каэфіцыента 1,3, у ацяпляльны сезон 466,4, летам 1213,7 руб. за кубаметр;
— звыш 5550 куб. м — па 2095,1 руб. за кубаметр.
Сістэма дыферэнцыраванай аплаты не будзе распаўсюджвацца на шматдзетныя сем’і і дамы сямейнага тыпу, сем’і, што выхоўваюць дзяцей, дзе абодва бацькі ў поўных або адзін у няпоўнай з’яўляюцца інвалідамі І і ІІ груп, а таксама, калі адзін з бацькоў у поўнай сям’і з’яўляецца інвалідам першай групы, а другі яго даглядае і атрымлівае дапамогу, няпоўныя сем’і, якія выхоўваюць дзіця-інваліда.
З 1 ліпеня 2013 года аплата за паслугі газазабеспячэння з грамадзян, якія жывуць у дамах (кватэрах) з індывідуальнымі газавымі прыборамі ацяплення, але не маюць прыбораў індывідуальнага ўліку, плата ўстанаўліваецца па цэнах, якія поўнасцю забяспечваюць эканамічныя затраты. Выключэннем стануць спажыўцы, калі эканамічна нямэтазгодна або тэхнічна немагчыма ўстанавіць прыборы індывідуальнага ўліку.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *