Арменія вачыма дзяцей

Новости

Для сапраўднага мастацтва межаў не існуе, як і для сапраўднага сяброўства. Гэта яшчэ раз пацвердзіў конкурс дзіцячай творчасці «Арменія маімі вачыма», які адбыўся ў рамках міжнароднага супрацоўніцтва паміж гарадамі-пабрацімамі Браславам і Сцяпанаванам Ларыйскай вобласці Арменіі.
На конкурсе ў якасці журы прысутнічалі старшыня Браслаўскага раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская і прадстаўнік губернатара Ларыйскай вобласці, доктар этналогіі, прафесар Саак Антанесян.
У сваім прывітальным слове Н.Пучынская падкрэсліла, што Браслаўшчына адкрыта для міжнароднага супрацоўніцтва. Мы маем вялікі панэнцыял для развіцця партнёрскіх адносін з іншымі дзяржавамі. На падставе гэтага ў раёне ўжо падпісана 16 пагадненняў аб супрацоўніцтве. Адно з апошніх — пагадненне аб пабрацімстве паміж гарадамі Браславам і Сцяпанаванам (Арменія), якое спрыяе культурнаму і сацыяльна-эканамічнаму супрацоўніцтву паміж абедзвюма краінамі.
Да ўдзельнікаў конкурсу і гледачоў Саак Антанесян звярнуўся з прывітаннем на беларускай мове, чым прыемна здзівіў усіх прысутных. Далей ганаровы госць адзначыў, што мы будуем трывалы мост сяброўства паміж нашымі гарадамі для далейшага творчага супрацоўніцтва, развіцця культурнага абмену і асабістых сяброўскіх кантактаў. С. Антанесян перадаў прывітанне ад губернатара вобласці, мэра і жыхароў горада Сцяпанавана.
Ад імя прысутных у знак глыбокай павагі Сааку Антанесяну ўручылі кнігу «Памяць».
Далей вядучыя Алена Угарэнка і Уладзіслаў Бас, вучні СШ №2, пазнаёмілі гледачоў з гісторыяй, традыцыямі армянскага краю, Ларыйскай вобласці, горада-пабраціма Сцяпанавана. Расказ вядучых суправаджаўся паказамі слайдаў гэтага прыгожага і цікавага краю.
Сам жа конкурс праходзіў у дзвюх намінацыях: лепшая работа выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і самы выразны чытальнік армянскай паэзіі.
У першай намінацыі школьнікі раёна прадставілі малюнкі, у якіх адлюстравалі сваё бачанне армянскай прыроды і людзей. Лепшымі прызнаны работы Алесі Багдановіч (Ахрэмаўская СШ) і Елізаветы Мачульскай (Далёкаўская СШ). Другое месца падзялілі Дзмітрый Чарноў ( Замошская БШ) і Віталій Казінец (Відзаўская СШ), трэцяе — дасталося Аляксандры Раманьковай (Далёкаўская СШ). Усе творы школьнікаў будуць перасланы ў наш горад-пабрацім Сцяпанаван.
У конкурсе чытачоў удзельнічалі вучні 14-ці ўстаноў адукацыі. Яны прадставілі на суд журы вершы, казкі, літаратурныя кампазіцыі армянскіх паэтаў і пісьменнікаў. Усе выступленні былі пранікнёнымі, эмацыянальна насычанымі, удзельнікі конкурсу перадалі асаблівасці светабачання аўтараў. Тым не менш і ў літаратурнай барацьбе павінны быць пераможцы.
Найбольш закранула журы выступленне Уладзіслава Баса, вучня СШ №2, і ён атрымаў
1 месца, браты і сёстры Гаспаран, вучні СШ №1, — 2 месца, на трэцім — група вучняў Опсаўскай СШ.
Заахвочвальным прызам адзначаны яшчэ адзін удзельнік конкурсу — Максім Ханяк, вучань Відзаўскай СШ. Хлопец настолькі шчыра, з вялікім пачуццём любові да прыроды і маці прачытаў верш армянскага паэта на беларускай мове, чым вельмі ўразіў нашага госця. І на памяць пра гэты дзень Максім атрымаў каштоўны падарунак — гадзіннік з рукі Саака Антанесяна.
Пасля падвядзення вынікаў конкурсу паміж Uniecofor Limited Liabiliti Company (Рэспубліка Арменія) і аддзелам культуры раёна падпісана пагадненне аб культурным супрацоўніцтве. У рамках гэтага пагаднення на бягучы год запланаваны дзве выставы — мініяцюр і «Мастакі Лоры».
Тэкст і фота
Алены Пятушка.