SDC14894 (Small)

“Зарніца” не страціла актуальнасць

Актуальное

У Браслаўскай дзіцячы сад – пачатковай школе ўжо стала традыцыяй у рамках месячніка патрыятычнай работы праводзіць ваенна-патрыятычную гульню “Зарніца”. Сёлета яна была прысвечана 24-ай гадавіне вываду Савецкіх войскаў з Афганістана і Дню абаронцаў Айчыны.
Суботняй раніцай ў двары школы сабраліся ўдзельнікі “Зарніцы”, настаўнікі, бацькі, перад якімі з прывітальным словам выступіла кіраўнік гульні, адказная за фізкультурна-аздараўленчую работу ва ўстанове Тэрэза Ерамеева. Два атрады – “Смелыя” і “Адважныя” – атрымалі баявую задачу: знайсці сакрэтны пакет і дабыць сцяг перамогі. Каб выканаць заданне, камандзірам выдалі маршрутныя лісты. Для дзяцей арганізатары гульні падрыхтавалі конкурсы “Збі танк”, “Размініруй поле”, “Пераадолей перашкоду”, “Фарсіруй роў”, “Снайперы”, “Транспарціроўка раненага”.
На працягу ўсяго шляху ў кожным пункце атрад чакаў нехта з бацькоў. Яны сачылі за выкананнем задання і ставілі адзнаку ў маршрутны лісток. Пераадолеўшы ўсе перашкоды, дзеці дабіраліся да апошняга пункта назначэння. Але як знайсці пакет? Таму спатрэбіліся веды арыенціроўкі на мясцовасці.
Пасля апошняга задання ўдзельнікаў “Зарніцы” чакаў прывал, падчас якога дзеці падсілкаваліся сапраўднай салдацкай кашай, прыгатаванай у палявых умовах. Скончылася гульня ўрачыстай лінейкай. Камандзіры здалі рапарт пра выкананне баявога задання. Дзяцей узнагародзілі за ўдзел у “баявых” дзеяннях і выказалі удзячнасць за дапамогу ў правядзенні мерапрыемства бацькам.
“Зарніца” падарыла мора станоўчых эмоцый, зарад бадзёрасці і добры настрой дзецям, бацькам, настаўнікам. З іх боку давялося чуць толькі станоўчыя водгукі.
Іна Мацейка, класны кіраўнік 3 класа: “Зарніца” – гэта ў першую чаргу грамадзянска-патрыятычнае выхаванне школьнікаў, павышэнне прэстыжу ваеннай службы, прапаганда здаровага ладу жыцця.
Сям’я Павучонак: Такія спаборніцтвы вельмі патрэбныя. “Зарніца” аб’ядноўвае, выхоўвае, дысцыплінуе дзяцей, развівае пачуццё патрыятызму і любові да Радзімы.
Дзмітрый Буры, вучань 4 класа, камандзір атрада “Смелыя”: Больш за ўсё мне спадабалася страляць па мішэнях-танках і шукаць сакрэтны пакет. Вельмі рады, што разам са мной прыйшла мая бабуля і дапамагала камандзе падчас гульні.

Маргарыта Арлова, намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці.
Фота.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.