Узаемаразуменне – залог поспеху

Власть и общество

Снегапады і завірухі, якія прыйшлі ў Беларусь, не абмінулі і Браслаўшчыну. Рады ім былі хіба што толькі дзеці і эстэты прыроднай прыгажосці. На галовы ж астатніх, асабліва камунальнікаў, з неба літаральна звалілася напружаная работа.
За ачышчэнне вуліц райцэнтра ад снегу адказвае ДП “Браслаў-камунальнік”. Непасрэдна на яго ўборцы працуюць 18 чалавек і 9 адзінак тэхнікі. Можна толькі ўяўляць, колькі кіламетраў дарог і тратуараў прыходзіцца на адзін трактар ці адну лапату дворніка. Нягледзячы на гэта, у адрас камунальнікаў часта гучаць скаргі і бурчанне незадаволеных якасцю і хуткасцю іх работы. Вельмі распаўсюджаны нараканні наконт запаздалай ачысткі перыферыйных вуліц.
Як паведамілі ў аддзеле ЖКГ райвыканкама, штогод яшчэ напярэдадні зімы распрацоўваецца схема ўборкі і ўтрымання дарог, якая ўзгадняецца з ДАІ. Снегаўборачная тэхніка і працуе згодна з гэтым дакументам: перш за ўсё ў належны стан прыводзяцца цэнтральныя транспартныя артэрыі горада, пазней – перыферыйныя вуліцы. Толькі пасля таго, як дарожны рух больш-менш нармалізуецца, снег пачынаюць вывозіць. Больш за тое, згодна з рашэннем райвыканкама №2066 ад 30 снежня 2009 года, домаўладальнікі павінны самастойна ачышчаць ад снегу прыдамавую тэрыторыю аж да асявой лініі вуліцы. Жыхарам шматкватэрных дамоў таксама прадпісваецца трымаць зімой двары і парковачныя месцы сваіх аўтамабіляў у належным стане.
Часта здараецца так, што гараджане самі садзейнічаюць гурбам снегу. Па словах начальніка ўчастка добраўпарадкавання і саначысткі ДП “Браслаў-камунальнік” Станіслава Галіцкага, пакінутыя ўздоўж дарогі аўтамабілі, зваленыя прама на праезную частку дровы ці будматэрыялы сур’ёзна перашкаджаюць рабоце тэхнікі. У такіх умовах якасна ўбраць снег проста немагчыма.
Безумоўна, часам можна ўбачыць і адмоўныя прыклады работы камунальнікаў: то тратуар снегам завалілі, то другасныя дарогі, мякка кажучы, не дачысцілі. Але ў большасці выпадкаў на ачыстцы нашых вуліц і праездаў працуюць добрасумленныя людзі, якія ўстаюць па званку дыспетчара сярод ночы, каб да раніцы ў меру сваіх магчымасцей палепшыць дарожныя ўмовы. А калі ападкі не спыняюцца? Таму перш, чым лаяць камунальнікаў, варта прыняць да ўвагі некаторыя аб’ектыўныя фактары. Да таго ж не так і цяжка самастойна адкінуць снег ад сваіх варотаў не на дарогу, а ўбок, зрабіць некалькі крокаў з лапатай у руках. Паставіць машыну так, каб яна не перашкаджала рабоце тэхнікі. Адным словам, дбайны гаспадар не ківае ў бок каго б то ні было, а імкнецца выправіць становішча і ўласнымі сіламі, тым больш, што робіць гэта для сябе.
Такім чынам, спіс пажаданняў браслаўчан камунальным службам, роўна як і наадварот, можна працягваць. Аднак справіцца з завеямі магчыма толькі пры ўзаемнай павазе і разуменні.

Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *