У музеі заззялі “Калядныя ўзоры”

Власть и общество

17 гадоў таму назад, калі народны клуб майстроў і мастакоў Браслаўшчыны “Ля возера” дасягнуў пэўных вышынь у творчай дзейнасці, у музея традыцыйнай культуры ўзнікла неабходнасць больш шырокай прапаганды таленавітых людзей краю. Так нарадзілася ідэя правядзення выставы “Калядныя ўзоры” як справаздачы майстроў за год работы. З таго часу напярэдадні Каляд клуб разгортвае ў галоўнай выставачнай зале музея экспазіцыю работ членаў аб’яднання, і кожны раз яна становіцца прыкметнай з’явай у культурным жыцці раёна.
Такой абяцае стаць і сёлета. На агляд выстаўлены, трэба меркаваць, самыя лепшыя работы 38 мясцовых умельцаў. Практычна кожны з іх можа прэтэндаваць на прызнанне яго як прафесіянала ў сваім відзе рамяства. Пра вельмі многія іх работы можна казаць як пра маленькія шэдэўры, хоць ствараліся яны не ў прафесіянальных майстэрнях, аснашчаных сучасным абсталяваннем і рознымі прыстасаваннямі, а ў хатніх умовах, дзе майстру служылі прасцейшыя прылады і ўласнае бачанне формы, памеру, колеру будучай рэчы. Таму цяжка вылучыць лепшыя, бо кожная, як і яе стваральнік, заслугоўвае ўвагі.
Мне, пастаяннай наведвальніцы такіх выстаў, заўсёды цікава назіраць, як ўдасканальваецца майстэрства рамеснікаў, пашыраецца іх інтарэс да іншых відаў народнай творчасці, адкрываць новыя імёны. Мяркую, сёлета многіх здзівяць нашы масцітыя майстрыхі Наталля Парахневіч, Эла Зінкевіч, Ларыса Дарафейчык, Марына Дворская, якія ў чарговы раз прадэманстравалі, што няма мяжы ў пошуку дасканаласці і што не трэба абмяжоўваць сябе ў асваенні ўсё новых і новых відаў рамяства.
Нельга прайсці раўнадушна і міма іншых экспанатаў, не падзівіцца, напрыклад, на рыбу, сплеценую з саломы Верай Шыкалавай, ці на саламяны сімвал будучага года – змяю, на “Танец жураўлёў” Міхаіла Чэркаса са Слабодкі, бісерных зімовых птушак Антаніны Жураўлёвай з Пагошчы, посуд з лазы Валерыя і Ларысы Давыдавых, арыгамі Іны Радзэвіч з Ахрэмаўцаў, аплікацый Таццяны Далецкай, вышываных карцін Алёны Пучынскай … Адкрыццём для многіх наведвальнікаў стануць імёны маладых у рамесніцтве майстрых лямцу Вольгі Асіненкі і Наталлі Балсун.
Дарэчы, акрамя эстэтычнага задавальнення, выстава “Калядныя ўзоры” дае падказку людзям, якія выйшлі на заслужаны адпачынак і не ведаюць, чым і як заняць свой вольны час. У яе экспазіцыі багата работ, зробленыя людзьмі, якія менавіта ў сталым узросце прыйшлі ў гурткі музея традыцыйнай культуры, асвоілі пэўныя рамесніцкія навыкі і раскрылі ў сабе розныя таленты, знайшлі занятак для душы.
Неад’емнай часткай выставы, якая гарманічна ўпісалася ў экспазіцыю, з’яўляецца батлейка. Сёлета яна атрымала новае жыццё. Драўляныя фігуркі святой Сям’і ў час нараджэння Езуса зрабіў наш знакаміты опсаўскі разьбяр Пётр Друсь, а лялькі да спектакля, які наведвальнікі выставы змаглі паглядзець у дзень адкрыцця, пашыла Марына Дворская.
Разам з прысутнымі на батлейку падзівіўся і “святы Мікалай”. Ён павіншаваў усіх з набліжэннем дня Божага нараджэння, уручыў майстрам падзякі, а потым запрасіў на другі паверх музея, дзе наведвальнікі змаглі агледзець беларускую хату напярэдадні Каляд, пазнаёміцца са стравамі, якія ўжывалі вяскоўцы ў час посту, наведаць майстэрню Дзеда Мароза. На гэты раз майстар-клас па лямцу дае ў ёй Эла Зінкевіч.
Як і ў мінулыя гады, выстава будзе працаваць не адзін тыдзень. Арганізатары яе запрашаюць, а я магу параіць браслаўчанам і іх гасцям наведаць яе, падзівіцца на творчасць рук майстроў, далучыцца да прыгажосці, глыбей пазнаць народныя традыцыі, адным словам, атрымаць эстэтычнае задавальненне і абагаціцца духоўна.

Тамара Пашкевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *