Сумаваць не будзе калі

Актуальное

Наступае самая доўгачаканая для дзяцей пара – навагоднія канікулы. А каб ім не было сумна і не марнавалі дарэмна час, установы адукацыі, ЦДМ падрыхтавалі цікавую і насычанаю праграму.
У рамках рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” ў першую чаргу пад асаблівай увагай будуць сіроты, дзеці-інваліды, са шматдзетных, прыёмных і апякунскіх сем’яў. Для іх 27 снежня ў Доме культуры пройдзе раённы дабрачынны ранішнік. У гэтым годзе ўпершыню райвыканкам выдзеліў 37, 4 млн. рублёў для набыцця падарункаў усім дзецям са шматдзетных сем’яў.
У кожнай установе адукацыі напярэдадні Новага года пройдуць свае ранішнікі, навагоднія вечары для ўсіх дзяцей, таму сумаваць у пераднавагоднія святы не давядзецца нікому. Дзеці атрымаюць падарункі, якія падрыхтавалі для іх спонсары і шэфскія арганізацыі. Школьнікаў чакаюць таксама экскурсіі, спартыўныя святы, будуць працаваць гурткі і секцыі.
Акрамя гэтага, дзеці ў час зімовых канікулаў змогуць наведаць 7 аздараўленчых лагераў з дзённым знаходжаннем, у якіх змогуць адпачыць 200 дзяцей. Так, на базе гімназіі работу распачнуць аздараўленчы, лінгвістычна-культуралагічны лагер і лагер па рабоце з адоранай і таленавітай моладдзю.
Сваю праграму распрацаваў і ЦДМ. Яна змешчана на сайце аддзела адукацыі і разаслана па школах. У рамках яе гарадскія і сельскія школы, дзіцячыя садкі змогуць наведацца на экскурсійна-гульнявую праграму “У гасцях у Снягурачкі”, падчас якой прагуляюцца па выставе “Калядныя ўзоры”. Іх чакаюць гульні, загадкі, забавы і творчыя майстэрні. Дарэчы, тут яшчэ ў пачатку снежня пастараліся аб’яднанні па інтарэсах і па-казачнаму ўпрыгожылі ЦДМ.
Днём будзе працаваць відэасалон, гульнявая пляцоўка, а вечарам для аматараў тэхнікі адчыніць дзверы камп’ютарны клуб “Трыджык”. Для тых, хто займаецца ў ЦДМ, пройдуць свае навагоднія прадстаўленні, 3 ранішнікі для дзяцей работнікаў іншых арганізацый. А калі бацькі жадаюць індывідуальна павіншаваць сваё дзіця, могуць пазваць на дом Дзеда Мароза і Снягурачку. Ужо зараз жадаючых шмат.
У наступным годзе ЦДМ прапануе школьнікам праграму “Суботні фармат” на шосты дзень. Дзяцей чакаюць новыя акцыі, мерапрыемствы, выстаўкі і формы работы. Будуць праводзіцца прававыя і камп’ютарныя турніры, інтэлектуальныя гульні і іншае. А пакуль установа з нецярпеннем чакае ўсіх жадаючых на навагодніх мерапрыемствах і абяцае падарыць шмат уражанняў і добры настрой.

Таццяна Пятушка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *