Служба, якая працуе для людзей

Актуальное

18 снежня бягучага года спаўняецца 95 гадоў з дня ўтварэння ў Рэспубліцы Беларусь органаў, якія займаюцца рэгістрацыяй актаў грамадзянскага стану.
У многіх асацыіруецца наша праца толькі з белай сукенкай нявесты, заручальнымі кольцамі, маршам Мендэльсона. Безумоўна, мы рэгіструем самыя важныя і значныя падзеі ў жыцці чалавека. Аднак вяселлі – гэта адна, бадай, з самых важных урачыстасцей у шэрагу актаў грамадзянскага стану.
Аддзел ЗАГС рэгіструе нараджэнні дзяцей, устанаўлівае бацькоўства, мацярынства, на жаль, смерць, скасаванне шлюбаў па рашэнні судоў. Шлюб можна скасаваць, дарэчы, па ўзаемным пагадненні, калі няма агульных непаўналетніх дзяцей і прэтэнзій па падзеле маёмасці. Мы таксама праводзім рэгістрацыю змены прозвішча, імя і імя па бацьку, уносім дапаўненні і выпраўляем памылкі ў запісах актаў грамадзянскага стану.
Дарэчы, рэгістрацыю актаў грамадзянскага стану ажыццяўляюць і сельскія выканаўчыя камітэты, яны ж таксама рэгіструюць нараджэнні, смерць, шлюб, устанаўленне бацькоўства, выдаюць патрэбныя даведкі.
За 11 месяцаў бягучага года па нашым раёне зарэгістравана 236 нараджэнняў дзяцей, 467 смярцей, 216 шлюбаў, 31 устанаўленне бацькоўства.
У аддзеле ЗАГС працавалі розныя людзі, і ўсе шчыра, бо ад іх праца пастаянна патрабавала не толькі ведання і выканання заканадаўства, а і прафесіяналізму, уважлівых адносін да людзей.
Напярэдадні юбілею хочацца павіншаваць усіх, хто працаваў некалі і працуе цяпер у аддзеле ЗАГСа, сельвыканкамах. А пажадаць хачу поспехаў, паразумення з кліентамі, дабрабыту ў сем’ях.
Хачу паведаміць, што 14 снежня аддзел ЗАГС праводзіць дзень адчыненых дзвярэй. Запрашаем усіх, каго цікавіць работа аддзела, прыйсці да нас. Мы раскажам пра нашы будні і пакажам зал урачыстых рэгістрацый.

Галіна Юрэнка,
начальнік аддзела ЗАГС
Браслаўскага райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *