Шоу “Цудоўная пяцёрка” працягваецца

Актуальное

Новыя праекты, конкурсы, шоу, якія ладзіць раённы Дом культуры, вельмі палюбіліся браслаўскім гледачам і кожны раз збіраюць поўную залу. Хто ж не памятае “Бландзінак і брунетак”, “Каханне з першага погляду”, “Дзве зоркі” і… “Цудоўную пяцёрку”. Апошняе конкурснае мерапрыемства стала рэкордным па колькасці гледачоў, пэўна, і запомнілася ім надоўга. Цяпер жа браслаўчан чакае працяг вядомага шоу “Цудоўная пяцёрка 2”, якое адбудзецца 25 снежня.
Яшчэ больш у памяці відовішчнае мерапрыемства ў саміх каманд-удзельніц, якія дарылі гледачам хвіліны радасці, жарту і станоўчых эмоцый. Сваімі ўражаннямі падзяліўся Іван Бялусь, начальнік аддзела ЖКГ райвыканкама.
– Шоу яшчэ да пачатку абяцала быць цікавым, таму аддзел моладзі, які я ўзначальваў, выставіў на конкурс зборную каманду БРСМ. Хоць і збіралася яна спантанна, але ў выніку атрымалася моцнай і падрыхтаванай. Хлопцы і дзяўчаты адразу загарэліся ідэяй, бо конкурс быў на мяжы КВЗ і песеннага, і была магчымасць праявіць сябе ў розных накірунках. Каманда падышла да падрыхтоўкі адказна, творча і самааддана, шукалі новыя падыходы, ідэі, на рэпетыцыі збіраліся нават вечарам. Як вынік, добрае выступленне і ўзнагарода апладысментамі ад гледачоў. Я лічу гэта мерапрыемства адным з самых яркіх і з нецярпеннем чакаю працягу.
Свой пункт погляду наконт мерапрыемства выказалі прадстаўнікі каманды СШ №2, якія атрымалі прыз глядацкіх сімпатый:
– Мерапрыемства атрымалася ўдалым і цікавым. За час конкурсу мы яшчэ больш здружыліся, паспрабавалі сябе ў новым амплуа, а хтосьці нават раскрыў свае таленты. Хацелася падараваць станоўчыя эмоцыі гледачам, магчыма, таму наша выступленне атрымала прыз глядацкіх сімпатый.
У мінулым годзе пераможцамі “Цудоўнай пяцёркі” стала каманда рэдакцыі газеты “Браслаўская звязда”:
– Шоу сапраўды дастойнае, яркае і запамінальнае, яно дало магчымасць праявіць сябе з іншага боку. Падрыхтоўка праходзіла ў хуткім тэмпе, свае ідэі для рэалізацыі прыдумвалі ўсім калектывам, гэта прыдавала яшчэ больш упэўненасці. Зацікаўленасць была ва ўсіх удзельнікаў, таму, магчыма, і перамаглі.
Аналаг вядомага беларускага тэлевізійнага праекта ў гэтым годзе стартаваў з 1 кастрычніка. Было накіравана 10 запрашэнняў да ўдзелу, адгукнуліся 5 самых ініцыятыўных і актыўных. Свае каманды ў новым сезоне праекту выставіць “Браслаў-камунальнік”, аграгарадок Ахрэмаўцы, Відзаўская школа, аддзел спорту і турызму, зборная моладзі. Для падрыхтоўкі каманд створаны ўсе ўмовы, задзейнічаны вопытныя спецыялісты.
Усяго запланаваны 3 этапы саперніцтва. Спачатку каманды прэзентуюць сябе і свае калектывы. У “Навагодняй мініяцюры” праявяць творчасць, раскажуць і пакажуць вясёлыя навагоднія гісторыі, а ў апошнім конкурсе здзівяць гледачоў нестандартным музычным выкананнем песень з кінафільмаў.
Праект хоць і не новы, але здзівіць і парадуе гледачоў не менш першай яго часткі. Каманды рыхтуюцца поўным ходам і абяцаюць паказаць сапраўднае пераднавагодняе шоу, у якім будзе шмат гумару, вяселля і музыкі. Прыходзьце, будзе весела.
Таццяна Пятушка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *