Паэты ў гасцях у бібліятэках

Актуальное

Блізіцца да завяршэння Год кнігі – знакавы год для ўсіх прыхільнікаў друкаванага слова. Супрацоўнікам Браслаўскай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы і наведвальнікам бібліятэк ён запомніцца цікавымі мерапрыемствамі, новымі кнігамі твораў беларускіх і замежных аўтараў, сустрэчамі з пісьменнікамі і паэтамі. Некалькі такіх сустрэч з мясцовымі паэтамі прайшло ў пачатку снежня.
У Ахрэмаўскую бібліятэку былі запрошаны ўдзельнікі раённага літаратурнага аб’яднання “Ветразь надзеі” Тэрэза Крумплеўская, Данііл Валчок, Алена Радзевіч і пачынаючы паэт Арцём Багдановіч. Прыхільнікі паэзіі даведаліся пра біяграфію, творчыя здабыткі і напрамкі паэтычнай дзейнасці кожнага з запрошаных гасцей. Сапраўдным адкрыццём для прысутных стала творчасць мясцовага паэта Казіміра Маркевіча, які пазнаёміў усіх са сваімі вершамі. Напрыканцы сустрэчы паэты падарылі бібліятэцы свае зборнікі.
Такое ж мерапрыемства адбылося і ў Замошскай бібліятэцы, на якое прыйшлі пенсіянеры, старэйшыя школьнікі, інтэлігенцыя. Аўтары з задавальненнем чыталі свае вершы, расказвалі пра некаторыя выпадкі з жыцця, адказвалі на пытанні.
У Відзах на сустрэчу з паэтамі былі запрошаны ўдзельнікі народнага аматарскага аб’яднання “Кругагляд”, якое працуе пры бібліятэцы. Тэрэза Крумплеўская, Данііл Валчок, Марына Кавалёнак – таленавітыя, творчыя, цікавыя людзі – падарылі прысутным незабыўныя хвіліны цёплай і шчырай размовы, магчымасць дакрануцца да жывога паэтычнага слова і аўтографы на сваіх паэтычных зборніках.
Год кнігі хутка стане гісторыяй, але яго лепшыя здабыткі застануцца ў памяці і сэрцах сапраўдных сяброў кнігі.

Вольга Ляснеўская, дырэктар Браслаўскай ЦБС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *