Падрываюць дзікі падмуркі

Актуальное

У чацвер, 27 снежня, у рэдакцыю патэлефанавала Вольга Арэх з Дзехцяроў. Са скрухай у голасе жанчына прасіла: “Дапамажыце, калі ласка, паўздзейнічайце на спецыялістаў нацыянальнага парка, каб неяк адпужалі ад вёскі дзікоў. Паратунку ж няма. Прыцемкам на вуліцу “да ветру” баімся выйсці, а нам жа і жывёлу дагледзець трэба. Ікластыя настолькі зрабіліся нахабнымі, што з аддаленых ад пабудоў агародаў перайшлі ў двары, аб вуглы зады чухаюць, падмуркі падрываюць. Тэлефанавалі намесніку генеральнага дарэктара нацыянальнага парка па паляўнічых угоддзях Сяргею Туронку, абяцаў прыняць меры, але ўсё абяцаннем і скончылася.”
Любяць згушчаць фарбы нашы пенсіянеры, падумаў пасля тэлефоннай размовы, таму неадкладна паехаў у Дзехцяры, каб пераканацца ў праўдзівасці слоў жанчыны.
Разам з членамі раённай камісіі па патравах мне неаднойчы даводзілася выязджаць на пашкоджаныя пасевы гаспадарак і жыхароў, таму бачыў усялякае. Але такой нахабнасці дзікоў, як у Дзехцярах, яшчэ не даводзілася. Тэлефанаваўшая ў рэдакцыю Вольга Уладзіміраўна ніколькі не перабольшвала. Сапраўды, агароды “ўзараны” ўшчыльную да фундаментаў, у суседкі ўзрыта падсыпка вакол калодзежа.
Дзіву майму не было канца, калі жанчына звярнула маю ўвагу на суседскія вароты. Адна палавіна іх, а гэта прыкладна 2,5х1 м, звараная з металу, была адчынена на 180 градусаў. І калі паведаміла, што гэта зрабілі дзікі, спачатку не паверыў. Але ж па слядах пераканаўся, што вароты сапраўды адчынены жывёлінай.
Такім чынам, паўнапраўнымі гаспадарамі ў Дзехцярах сталі дзікі. Карэнныя ж жыхары пазбавіліся сваіх правоў і абароны. Гэта напомніла мне пра каланізацыю Паўночнай Амерыкі, калі каланізатары знішчылі частку карэннага насельніцтва, астатніх перамясцілі ў рэзервацыі. Няўжо падобнае чакае і нашых вяскоўцаў?

Аляксандр Азевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *