Па дапамогу да дэпутата

Актуальное

Напрыканцы лістапада ў зале пасяджэнняў райвыканкама праводзіў асабісты прыём і адказваў на тэлефонныя пытанні браслаўчан дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мечыслаў Віктаравіч Морхат.
На вераснёўскіх выбарах Мечыслаў Віктаравіч быў абраны дэпутатам ад нашай Шаркаўшчынскай выбарчай акругі. У Палаце прадстаўнікоў Мечыслаў Віктаравіч з’яўляецца членам Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце. Сам ён родам з гэтых мясцін, шмат гадоў узначальваў Шаркаўшчынскі райвыканкам, таму зараз ужо ў якасці дэпутата ён працягвае сваю работу з людзьмі і ў першую чаргу клапоціцца пра развіццё невялікіх гарадоў і вёсак.
Сам жа прыём і “прамая лінія” доўжыліся больш за тры гадзіны, хоць зваротаў было не так і шмат, і былі яны ў асноўным прыватнага характару. Дэпутат да кожнага пытання падыходзіў адказна, грунтоўна разбіраўся і разам з мясцовымі службамі па меры магчымасці сумесна іх вырашаў. Некаторыя пытанні, якія задавалі людзі на прыёме і па тэлефоне, Мечыслаў Віктаравіч паабяцаў трымаць на кантролі і пасадзейнічаць у іх вырашэнні, у тым ліку і па прыватызацыі жылля ад Алены Недведзь з в. Рубеж. Шмат гадоў яе сям’я жыве ў доме, які ім выдзеліла ўпраўленне сельскай гаспадаркі на час работы мужа. Пасля смерці галавы сям’і жанчына вырашыла прыватызаваць дом, але аказалася, што згодна з дзеючым заканадаўствам гэта немагчыма. Зараз пад кантролем райвыканкама гэтым займаюцца юрысты, рыхтуюцца неабходныя дакументы.
А вось жыхарка в. Цяцеркі Марыя Пецюкевіч паскардзілася на адсутнасць вады на яе вуліцы. Ужо колькі часу няспраўны вадаправод, і вяскоўцам даводзіцца браць ваду ў іншых месцах. Яны звярталіся ў Цяцеркаўскі сельвыканкам. Мясцовая ўлада сумесна з кіраўніцтвам таварыства “Браслаўскі райаграсэрвіс” узяліся за справу. Дырэктар ААТ Аляксандр Міхайлаў звярнуўся ў РАНС. З дапамогай пажарнай машыны спрабавалі прамыць трубы, але гэта праблему не вырашыла. Раскапаць вадаправод было немагчыма з-за няспраўнасці патрэбная тэхнікі. На мінулым жа тыдні работы пачаліся поўным ходам. Як паведаміў рэдакцыі дырэктар ААТ “Браслаўскі райаграсэрвіс” А. Міхайлаў, на месца прыгналі экскаватар. Дырэктар заверыў, што ў бліжэйшы час вада будзе ў дамах вяскоўцаў.
Адно з пытанняў Аляксея Дубіны з аг. Слабодка тычылася забеспячэння бясплатным палівам і вырубкі хмызняку. Пенсіянер паскардзіўся, што нарыхтаваць дроў вельмі складана, пляцоўкі для вырубкі даюць далёка, а між тым побач з вёскай шмат непатрэбнага кустоўя, якое магчыма прыбраць і ў той жа час нарыхтаваць дроў. Як высветлілася, у гэтым выпадку мела месца недастатковае інфармаванне грамадзян з боку зацікаўленых службаў. Дырэктар НП “Браслаўскія азёры” Сяргей Зінкевіч і начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Міхаіл Каламыцаў, якія прысутнічалі на прыёме, растлумачылі ўсе магчымасці нарыхтоўкі дроў за межамі вёскі. Яны адразу ж згадзіліся выехаць на месца. Зараз ужо вядома, што пенсіянеру выдзелілі дзялянку для нарыхтоўкі дроў.
А вось над пытаннем па газіфікацыі ад жыхара в. Пагошча Анатоля Галая прыйшлося паразважаць. Мужчына тлумачыў, што звяртаўся не ў адну інстанцыю, прыходзіў на асабісты прыём да старшыні райвыканкама, але, на яго думку, яму не жадаюць дапамагаць. Ён скардзіўся на тое, што ў аграгарадках Пагошча і Опса правялі газ, між тым на яго вуліцу не падводзяць. Мужчына спрабаваў даказаць сваю правату і не звяртаў увагу на аргументы спецыялістаў, пацверджаныя дакументамі. З іх бачна, што газіфікацыю праводзіць УП “Віцебскаблгаз”. Гэта арганізацыя і распрацоўвае маршруты згодна з праектна-каштарыснай дакументацыяй. Да шэрагу сацыяльных аб’ектаў двух аграгарадкоў газ праведзены за бюджэтныя сродкі, а ад яго за свой кошт падключыліся і людзі, пра што сведчаць дадатковыя дакументы. Грамадзяніну на прыёме яшчэ раз растлумачылі парадак газіфікацыі індывідуальных жылых дамоў.
Усе звароты жыхароў раёна ўзяты дэпутатам на кантроль, іх вырашэннем будуць займацца мясцовыя ўлады.
Напрыканцы прыёму Мечыслаў Віктаравіч праз газету падзякаваў сваім выбаршчыкам за падтрымку і разуменне на выбарах у Палату прадстаўнікоў, а органам мясцовай улады — за плённую работу і супрацоўніцтва пры вырашэнні праблем жыхароў Браслаўшчыны.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *