Незабыўная экскурсія ў Мінск

Актуальное

Пасля ўдалай акцыі па зборы металалому, а сабралі каля 3 тон, дырэктар школы паабяцала вучням паездку ў г. Мінск. У пачатку снежня экскурсія адбылася. Вядома, многія са старшакласнікаў ужо былі ў сталіцы — хто з бацькамі, хто са сваякамі. Але трэба было бачыць, як радаваліся, абмяркоўвалі будучае падарожжа пяцікласнікі і вучні пачатковых класаў!
Ехалі мы на камфартабельным аўтобусе нацыянальнага парка “Браслаўскія азёры”. У Мінску адразу адчулі праднавагоднюю мітусню камунальнікаў, якія ўстанаўлівалі пушыстыя ёлкі, упрыгожвалі вуліцы святочнымі гірляндамі. Пад час экскурсіі па горадзе нас ўразіла архітэктура сталіцы: і Нацыянальная бібліятэка, і “Мінск-Арэна”, і будынак чыгуначнага вакзала, і востраў Слёз. Мы яшчэ раз упэўніліся, што Мінск – прыгожы, незабыўны горад.
Але найбольшае ўражанне засталося ад наведвання дэльфінарыя і заапарка. Прадстаўленне, паказанае марскімі насельнікамі, выклікала шматлікія эмоцыі. Не адрываючы вачэй, дзеці назіралі за выступленнем марскіх коцікаў, якія танцавалі, круцілі абручы, ігралі з мячамі і нават спявалі. Марскі леў здіўляў сваімі акцёрскімі здольнасцямі. Але самае незабыўнае – гэта выступленне дэльфінаў! Яны танцавалі, прыгалі ўвышыню, спаборнічалі паміж сабой. Не хацелася пакідаць гэтых дзіўных жывёл, бо нейкае заспакаенне і задавальненне адчуваеш побач з імі.
Пасля наведалі тэрарыум, дзе ўбачылі розных змей, павукоў, чарапах. Асабліва ўразіў пітон, які дасягае 7 метраў удаўжыню.
Усе вучні школы выказваюць шчырую ўдзячнасць за дзіўнае падарожжа дырэктару Наталлі Гаравец, вадзіцелю аўтобуса Анатоллю Лойка, класным кіраўнікам і бацькам.

Дар’я Падоба і Маргарыта Пупіна,
вучаніцы 9 класа Замошскай школы-сада.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *