Міграцыя – працэс непрадказальны

Актуальное

Аналіз міграцыйных працэсаў на тэрыторыі раёна сведчыць, што на Браслаўшчыну з іншых раёнаў, абласцей Беларусі і зарубежных краін прыбылі 372 чалавекі. З сельскай мясцовасці пераехалі 220 чалавек і 152 – з гарадоў.
У той жа час пакінулі наш раён 382 чалавекі.
На тэрыторыі ж самога раёна назіраецца адток сельскага насельніцтва ў горад. Да таго ж многія пакідаюць горад у межах Віцебскай вобласці. У асноўным гэта маладыя людзі ва ўзросце ад 17 да 25 гадоў, якія пераязджаюць і рэгіструюцца па месцы вучобы, змене месца працы. Узрост жа людзей, якія прыбываюць у раён, вагаецца ў межах 40 — 60 гадоў. Галоўнай прычынай такой міграцыі з’яўляюцца змена месца працы, сямейныя абставіны, пакупка нерухомасці.
Станоўчае сальда назіраецца ў знешняй міграцыі. За 9 месяцаў 2012 года на тэрыторыю нашага раёна з краін Балтыі, СНД, Грузіі прыбылі 38 грамадзян, што на 23 больш, чым за адпаведны перыяд летась, паехалі ў гэтыя ж краіны 15. Узрост іншаземцаў, якія на месцажыхарства выбіраюць нашу краіну, перавышае 50 гадоў. У асноўным яны прыязджаюць да нас у пошуку больш камфортных умоў для жыцця ў пенсіённым ці перадпенсіённым узросце, маюць тут жылую плошчу. А ў замежныя краіны больш за ўсё выязджаюць жыхары нашага раёна ў працаздольным узросце ў пошуках работы ці па сямейных абставінах.
Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія з’яўляюцца этнічнымі беларусамі, звяртаюцца ў аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі. З пачатку бягучага года аддзел унутраных спраў раёна выдаў 38 дазволаў на пастаяннае пражыванне і 315 – на часовае.
Усяго на сённяшні дзень на тэрыторыі раёна пастаянна жывуць 1007 замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, найбольш з Расіі, Літвы, Латвіі, па адным з Ізраіля, Грузіі, В’етнама.
Магчыма, прытоку замежных грамадзян і асоб без грамадзянства пасадзейнічала б адкрыццё горадаўтвараючых прадпрыемстваў з вялікай колькасцю рабочых месц, аднак такое ў бліжэйшай будучыні не прадбачыцца. Прадпрыемствы раёна ў большасці сваёй укамплектаваны рабочымі кадрамі з ліку мясцовых жыхароў, пра што сведчыць і нізкі ўзровень беспрацоўя па раёне – 0,6%.

Вячаслаў Грышчанка,
начальнік Браслаўскага РАУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *