Калядны марафон

Власть и общество

Спартакіяда пад такой назвай ужо праходзіла на Браслаўшчыне ў мінулым годзе напярэдадні навагодніх свят. Сёлета традыцыя была падоўжана, але мерапрыемства прайшло крыху раней, чым планавалася, бо яго вырашылі прымеркаваць да рэспубліканскай акцыі “Прафілактыка і ТЫ”. Арганізатарамі спаборніцтваў выступілі райкам БРСМ, аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама і ІСН РАУС.
Здаровы лад жыцця не мае часовых рамак, і спаборніцтвы, якія адбыліся ў мінулую пятніцу, былі скіраваны на прапаганду ЗЛЖ і занятасць падлеткаў у вольны час. У спартыўнай школе сабраліся тры каманды, якія прадстаўлялі Друйскі дзіцячы дом, першую і другую браслаўскія школы. Назвалі яны сябе БЭМС (абрэвіятура на рускай мове, што ў перакладзе гучыць як хуткія, энергічныя, маладыя, сімпатычныя), Чынгачгукі і Швэпс адпаведна.
Арганізатары прапанавалі ўдзельнікам шэраг цікавых іспытаў, падчас якіх апошнія мелі магчымасць праявіць спартыўныя навыкі ў камандзе і індывідуальна. Хлопчыкі і дзяўчынкі спаборнічалі ў меткасці і хуткасці, удзельнічалі ў рознага кшталту эстафетах, правяралі сваю гібкасць у конкурсе “Расцяжка”, капітаны выяўлялі мацнейшага ў баях падушкамі. Самым відовішчным конкурсам, які аднолькава спадабаўся і ўдзельнікам, і гледачам, стаў міні-турнір па футболе. Але незвычайным: члены каманды гулялі з папарна звязанымі нагамі.
Ад аднаго конкурсу да другога лідарства ў спартакіядзе пераходзіла ад каманды да каманды, што сведчыць пра прыкладна аднолькавыя сілы і здольнасці. Але па агульнай суме балаў перамогу святкавалі друяне. Другімі сталі вучні з другой школы, трэцімі – з першай. Усе ўдзельнікі атрымалі прызы.

Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *