Гандлёвая сістэма працуе зладжана

Актуальное

Міністр гандлю Рэспублікі Беларусь Валянцін Чэканаў 12 снежня наведаў Браслаўскі раён. На гэты дзень былі аб’яўлены прыём грамадзян і “прамая лінія”. Праўда, трапіць на прыём да міністра ніхто не пажадаў. Таму адведзены для гэтага час Валянцін Сяргеевіч скарыстаў для размовы са старшынёй райвыканкама Сяргеем Шматавым, яго намеснікам па эканоміцы Валянцінай Высоцкай, старшынёй праўлення райпа Людмілай Бабенка і іншымі запрошанымі на сустрэчу кіраўнікамі раённых службаў.
В. Чэканаў пацікавіўся справамі браслаўскага райпа, эканамічнымі паказчыкамі гандлёвай арганізацыі, бліжэйшымі планамі. Дарэчы, райпа ў вобласці займае па выніках работы за 11 месяцаў бягучага года па тэмпах росту рознічнага тавараабароту 4-5 пазіцыю, а па тавараабароце на 1 жыхара раёна – 4. Людміла Бабенка патлумачыла, што для развіцця сістэмы не хапае абаротных сродкаў, тым не менш у мадэрнізацыю магазінаў летась укладзены больш за 5 млрд. руб., а сёлета ўжо 8 млрд.
Сістэма спажывецкай кааперацыі ў тавараабароце раёна займае цяпер у раёне 31%, а па колькасці гандлёвых аб’ектаў –45% . Вядома ж, на пяткі ёй сур’ёзна наступаюць канкурэнты. Зайшла размова і пра тое, што ў хуткім часе ў райцэнтры павінен адкрыцца магазін еўраопта. Міністр параіў большы ўпор рабіць на якасць прадуктаў і абслугоўвання ў сістэме спажыўкааперацыі. Як станоўчае адзначыў той факт, што не зачыняюцца гандлёвыя кропкі на вёсцы, добра працуюць аўталаўкі, якія абслугоўваюць таварамі і прадуктамі жыхароў у маланаселеных пунктах. І ў той жа час указаў на праблемы, якія трэба вырашаць браслаўскім кааператарам. Сярод іх нізкі працэнт безнаяўных разлікаў. Кіраўніцтву і спецыялістам райпа належыць падумаць, як павысіць гэты паказчык.
На дзевятнаццатым месцы сёння з 21 раёна знаходзіцца сістэма грамадскага харчавання.
— У такім краі, дзе шмат турыстаў, павінна быць значна больш такіх аб’ектаў, як рэстараны, кафэ, аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу, бо яны, асабліва ў летні перыяд, будуць абавязкова запатрабаваны, — сказаў Валянцін Чэканаў.
Закрануў у размове міністр гандлю і праблему нарыхтоўкі другаснай сыравіны. На яго думку, у вырашэнні яе павінна быць адладжана пэўная сістэма. У першую чаргу неабходна зацікавіць у здачы гэтай сыравіны людзей. Пакуль такога не будзе, нічога не зменіцца.
На тэлефон “прамой лініі” патэлефанавала толькі адна браслаўчанка, якая задала міністру такое пытанне: “Чаму ў браслаўскім універмагу не прадаецца тканіна. Я сама пенсіянерка, умею шыць, а вось з чаго – няма. Адсутнічае драп, плашчовая тканіна. У продажы ёсць толькі тканіна для пасцельнай бялізны і штор”. Валянцін Чэканаў адразу пераадрасаваў пытанне Л. Бабенка і даў даручэнне абавязкова завезці ў продаж тканіну, якая карыстаецца попытам у людзей.
Напрыканцы сустрэчы Валянцін Чэканаў зазначыў: “Калі ніхто не прыйшоў на прыём і не паступіла шмат званкоў, значыць, я магу думаць, што ўсе праблемы гандлю ў раёне вырашаюцца без умяшання вышэйстаячых органаў і сістэма працуе зладжана”.
Міністр гандлю пажадаў Браслаўскаму раёну працвітання, павіншаваў усіх яго жыхароў з надыходзячымі цудоўнымі святамі – Калядамі і Новым годам.

Зінаіда Палулех.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *