Дэмаграфічную сітуацыю можна палепшыць

Актуальное

Адно з пытанняў, якія разглядаліся на апошнім пасяджэнні прэзідыума райсавета, тычылася дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне. Яна, як зазначыў галоўны ўрач ЦРБ Аляксандр Макарэвіч, па-ранейшаму застаецца складанай і характарызуецца нізкім узроўнем нараджальнасці і высокім смяротнасці.
За 10 месяцаў бягучага года нарадзілася 238 дзяцей, а памерлі 427 чалавек. У структуры прычын смяротнасці на першым месцы хваробы сістэмы кровазвароту, у прыватнасці, ішэмічная хвароба сэрца. Другой прычынай з’яўляецца старасць, затым ідуць ад знешніх прычын – атручванне алкаголем, самазабойствы, потым новаўтварэнні.
Памерлі 80 чалавек працаздольнага ўзросту.
Як канстатаваў А. Макарэвіч, найбольш істотным фактарам глабальнага абцяжарвання хвароб і трэцім фактарам рызыкі, які выклікае несвоечасовую смерць і інваліднасць, з’яўляецца злоўжыванне алкаголем. Толькі за апошняе дзесяцігоддзе яго ўжыванне ў пераразліку на чысты спірт вырасла з 9,4 літра на душу насельніцтва да 12. Парог жа, пасля якога пачынаюцца незваротныя змены ў генафондзе нацыі, складаюць, па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, 8 літраў.
На пачатак лістапада на дыспансерным уліку ў нарколага стаяць 723 чалавекі, з іх 188 жанчын, 32 непаўналетнія.
У раёне вядзецца пэўная работа па прафілактыцы суіцыдаў. Увайшлі ў сістэму выезды ўрача псіхіятра-нарколага ў сельскія лячэбныя ўстановы, створана электронная сістэма даных пра пацыентаў, якія перанеслі кардыёхірургічныя рэканструкцыйныя аперацыі з устаноўленымі кардыёстымулятарамі.
Асобна спыніўся Аляксандр Макарэвіч на праблеме дыспансерызацыі. За 10 месяцаў 2012 года яе прайшлі 22567 чалавек, з іх працаздольнага ўзросту – 14802, 5365 дзяцей. На жаль, як канстатуюць медыкі, з першай групай здароўя сярод правераных толькі 20,9% , з другой – 34,6%, з трэцяй – 44,4%.
У бальніцы праводзіцца скрынінг для ранняга выяўлення такіх сацыяльна-значных захворванняў, як злаякасныя новаўтварэнні, сардэчна-сасудзістыя захворванні, органаў дыхання, цукровы дыябет, захворванні органаў дыхання і туберкулёз. Дарэчы, на туберкулёз часцей за ўсё хварэюць асобы з нізкім сацыяльным статусам.
Агучыў галоўны ўрач ЦРБ на пасяджэнні прэзідыума і мерапрыемствы, якія павінны станоўча паўплываць на паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне. Сярод іх зладжаная работа па якасным правядзенні медыцынскіх аглядаў і дыспансерызацыі, скрынінг па раннім выяўленні сацыяльна значных захворванняў, планавая шпіталізацыя ў дзённыя і кругласутачныя стацыянары пацыентаў. Неабходна таксама актывізаваць прафілактычную работу органаў мясцовага самакіравання, РАУС і іншых суб’ектаў прафілактыкі з асобамі працаздольнага ўзросту, якія злоўжываюць алкаголем. Аляксандр Макарэвіч прапанаваў унесці ў калектыўныя дагаворы прадпрыемстваў і ўстаноў раёна абавязковае праходжанне медыцынскіх аглядаў усіх работнікаў.

Зінаіда Палулех.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *