Цудоўнае свята для маленькіх

Актуальное

У пераднавагоднія дні для дзяцей па ўсёй краіне праходзілі дабрачынныя ранішнікі і святы. Па добрай традыцыі кожны год у гэты святочны і казачны час раённае грамадскае аб’яднанне “Беларускі дзіцячы фонд” у рамках акцыі “Нашы дзеці” ладзіць для маленькіх браслаўчан дабрачынны ранішнік у Доме культуры. Так было і на гэты раз.
Цудоўнымі ўражаннямі, падарункамі, усмешкамі, жартамі і самай шчырай дзіцячай радасцю было напоўнена гэта мерапрыемства. Для 107 дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, з апякунскіх, прыёмных і шматдзетных сем’яў ранішнік стаў яшчэ адной пераднавагодняй вандроўкай у мір цудаў і дабрыні. Свае віншаванні дзецям і іх бацькам выказаў і старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў, які прысутнічаў на свяце. Ён пажадаў усім дзецям атрымліваць любоў і пяшчоту, увагу і цеплыню ад сваіх бацькоў і верыць у тое, што мара абавязкова споўніцца.
Па зіхатлівых вочках у зале было бачна, што цікавая навагодняя казка ў сучасных рытмах вельмі спадабалася дзецям. Тэатралізаванае прадстаўленне, песні, карагоды, віншаванні – і музычныя ад любімых мультыплікацыйных персанажаў Лунціка, Вупсеня і Пупсеня, і проста шчырыя ад Дзеда Мароза і Снягурачкі толькі ўздымалі настрой яшчэ больш. Усе дзеці выдатна падрыхтаваліся, стварылі непаўторныя і разнастайныя касцюмы, вывучылі вершы і песні. Дружнымі апладысментамі яны запалілі ёлачку, а потым ужо весяліліся і гулялі каля яе, а Дзед Мароз адорваў іх салодкімі падарункамі. Дарослыя падаравалі цудоўнае свята для маленькіх, так і павінна быць у грамадстве, якое клапоціцца пра сваю будучыню.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *