Было б жаданне

Актуальное

Ад браслаўскай моладзі часта можна пачуць, маўляў, няма чым заняцца і куды пайсці. Ці актуальныя на сённяшні дзень такія выказванні і якімі прапановамі маюць магчымасць скарыстацца юнакі і дзяўчаты, высвятлялі на апошнім сумесным пасяджэнні назіральнай камісіі і савета грамадскага пункта. Сапраўды, як зазначыла старшыня савета Іна Лысенка, незанятасць маладых людзей часта цягне за сабой неабдуманыя дзеянні і ўчынкі, якіх можна было б пазбегнуць, прапанаваўшы ім цікавае і карыснае баўленне часу. А паколькі ўстановам культуры ў гэтай справе адводзіцца адна з галоўных роляў, то на пасяджэнні слухалі справаздачу начальніка аддзела культуры райвыканкама Галіны Каратковай. Даклад датычыўся дзейнасці ўстаноў культуры раёна па арганізацыі вольнага часу моладзі і прафілактыцы супрацьпраўных паводзін.
Галіна Караткова зазначыла, што раённая сістэма культуры для моладзі рэгулярна ладзіць дыскатэкі і танцавальныя вечары. У параўнанні з мінулым годам сёлета наведвальнасць такога кшталту мерапрыемстваў узрасла на 10%. Дзіджэі і вядучыя пастаянна ўдасканальваюць свой прафесіяналізм. Устанаўліваецца новае святлогукавое абсталяванне. Але ў некаторых сельскіх клубах адсутнічаюць профільныя спецыялісты, а апаратура маральна састарэла. Нягледзячы на гэта, дыскатэкі – самыя папулярныя сярод моладзі мерапрыемствы ўстаноў культуры.
Культработнікі раёна актыўна выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці такія формы клубнай работы, як конкурсныя і гульнявыя праграмы, тэматычныя вечары, канцэрты, абрады і іншае. Вялікім попытам у гледачоў карыстаюцца шоў-праграмы, сярод якіх у якасці апошніх прыкладаў можна прывесці “Бландзінкі супраць брунэтак”, “Міс Браслава”. На жаль, моладзь недастаткова актыўна ўдзельнічае ў конкурсных праграмах, а толькі выступае ў ролі пасіўнага гледача.
Запатрабаваная форма арганізацыі вольнага часу – заняткі ў гуртках. У ДК раёна налічваецца больш за 100 аб’яднанняў па інтарэсах для школьнікаў, якія наведваюць каля 1000 чалавек, больш за 60 гурткоў для ўзроставай катэгорыі ад 18 да 31 года і каля дзесяці аматарскіх аб’яднанняў. Творчая моладзь Браслава мае магчымасць займацца ў Народным тэатры, Народным ансамблі песні “На панадворку”, Народным тэатры гульні “Лёлі”, тэатры мініяцюр “Покер”, ВІА “Фа-блюз” і іншых аб’яднаннях рознага профілю. У складзе многіх з названых гуртоў маладыя людзі выступаюць і за межамі раёна, і нават за мяжой.
Амаль 30% ад усіх карыстальнікаў бібліятэк ЦБС складае моладзь. У бягучым годзе для прыцягнення маладых чытачоў ЦБС павялічыла падпіску на 4 найменні менавіта маладзёжных выданняў. Для маладых людзей у сістэме працуюць 5 аматарскіх аб’яднанняў, пры раённай і сельскіх бібліятэках – клубы самых разнастайных накірункаў: дзіцячыя, падлеткавыя, прафарыентацыйныя, экалагічныя, краязнаўчыя і іншыя. Штогод у Браслаўскай цэнтральнай і дзіцячых бібліятэках арганізуюцца часовыя працоўныя месцы для падлеткаў. Сёлета магчымасцю падзарабіць скарысталіся 10 хлопцаў і дзяўчат, усе – з праблемных сямей.
Актыўна працуюць з моладдзю музейнае аб’яднанне, дзе наведвальнікамі часта з’яўляюцца навучэнцы школ, і дзіцячая школа мастацтваў, дзейнасць якой амаль цалкам накіравана на ўзроставую групу да 30 гадоў.
Такім чынам, толькі ўстановы раённай сістэмы культуры прапануюць маладым людзям шырокае кола магчымасцей для рэалізацыі свайго патэнцыялу з карысцю для сябе і грамадства. І гэта без уліку прапаноў іншых суб’ектаў прафілактыкі супрацьпраўных паводзін. Таму можна смела сказаць: размовы ў маладзёжным асяроддзі наконт немагчымасці цікава і культурна арганізаваць свой вольны час моцна перабольшаны. Было б жаданне, а сфера карыснага прымянення энергіі знойдзецца.
А дзеля павышэння якасці мерапрыемстваў Іна Лысенка параіла Галіне Каратковай больш актыўна выкарыстоўваць элементы спаборніцтва паміж клубнымі ўстановамі з мэтай стымулявання іх кіраўнікоў да больш плённай працы. Датычыцца гэта і работы з непаўналетнімі. Каб лепей уключыцца ў справу прафілактыкі супрацьпраўных паводзін, трэба больш увагі ўдзяляць дзецям і падлеткам, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, максімальна ўцягваць іх у заняткі ў гуртках і праводзімыя мерапрыемствы. Дзейнасць гэту можна і, самае галоўнае, патрэбна ўдасканальваць.

Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *