Беларусбанку — 90

Актуальное

Паўсядзённае жыццё сучаснага чалавека немагчыма нават уявіць без існавання банкаўскай сістэмы, якая не стаіць на месцы, а практычна штохвілінна ўдасканальвае сваю дзейнасць, каб нам, спажыўцам банкаўскіх паслуг, было найбольш зручна. Напрыклад, мы прызвычаіліся ўжо да таго, каб не насіць у кішэні стос папяровых грошай, бо іх замяніла пластыкавая картка, якой можна разлічыцца не толькі за набытыя ў магазіне прадукты, а і аплаціць камунальныя плацяжы, перавесці сродкі з аднаго рахунку на іншы, новы прадукт – “Падарункавы”, які прадугледжвае магчымасць падарыць сродкі ў незвычайнай форме.
І лідарам банкаўскай сістэмы Беларусі, безумоўна, з’яўляецца Беларусбанк, сведчаннем чаго і прысваенне яму чацвёрты год запар звання “Банк №1” у Беларусі.
Сёлета адкрытае акцыянернае таварыства “Ашчадны банк “Беларусбанк” адзначае сваё 90- годдзе. Створаны ў 1922 годзе пастановай Савета Народных Камісараў, сёння ў Беларусі ў сваёй структуры ён налічвае 6 філіялаў абласных упраўленняў, 31 філіял, 97 цэнтраў банкаўскіх паслуг, 1788 аддзяленняў і 187 абменных пунктаў.
Урачыстасці з нагоды юбілею галоўнага банка краіны прайшлі па ўсёй банкаўскай сістэме Беларусбанка. Не абмінулі яны і наш край. У мінулую пятніцу дырэктар цэнтра банкаўскіх паслуг №205 Сяргей Давыдаў у прысутнасці паважаных работнікаў сістэмы ўзгадаў галоўныя вехі развіцця Беларусбанка, падраздзяленне якога на Браслаўшчыне пачало свой адлік з 30-га жніўня 1944 года. З удзячнасцю ён успомніў ветэранаў, якія стаялі ля вытокаў ашчаднай справы, не прамінуў увагай і кліентаў, якія ішлі і ідуць побач з Беларусбанкам.
З нагоды юбілею браслаўскіх работнікаў цэнтра банкаўскіх паслуг павіншавалі начальнік аддзела карпаратыўнага бізнесу абласнога ўпраўлення Аксана Фадзеева і старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў. За плённую добрасумленную працу ўдзячнасць абласнога ўпраўлення Беларусбанка атрымала спецыяліст па аказанні рознічых паслуг Валянціна Савіцкая, а ўдзячнасць старшыні райвыканкама намеснік начальніка аддзела рознічнага бізнесу Зоя Смірнова (на здымку). Яшчэ дзясятак лепшых работнікаў банкаўскай сістэмы Беларусбанка атрымалі дыпломы і ўдзячнасці з рук дырэктара цэнтра банкаўскіх паслуг №205 Сяргея Давыдава.
Казімір Пятушка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *