Захоўваючы традыцыі продкаў

Главное

На Беларусі пляценнем з саломкі займаліся здаўна. За плячамі гэтага рамяства не адна тысяча гадоў. Старадаўнія звычаі вырабу з саломкі рытуальных жывёл, лялек прыйшлі і ў наша жыццё, сталі тэмай для творчасці многіх сучасных майстроў і мастакоў. Саломапляценне захоўваецца і развіваецца нашымі сучаснікамі як адна з самых вялікіх культурных і духоўных спадчын нашага народа. Дзякуючы работам мастакоў, майстроў, мастацтваведаў, беларускае саломапляценне годна ўваходзіць у скарбніцу дасягненняў сусветнай мастацкай культуры. Развіццё яго не спыняецца і сёння, яно заваёўвае новых прыхільнікаў, прыцягваючы да таленавітых настаўнікаў таленавітых вучняў.
У іх ліку і загадчыца музея традыцыйнай культуры Эла Зінкевіч. Пераймаючы вопыт у народных майстроў Пятра Карэніка і Міхаіла Чэркаса, таленавітая вучаніца з першых дзён захапілася рамяством нашых далёкіх продкаў. Выдатна авалодаўшы як прыёмамі традыцыйнага пляцення, так і новымі, тэхналогіямі пляцення галаўных убораў, сумак, шкатулак, саломеннай скульптуры і абрадавых упрыгажэнняў, майстар вызначыла для сябе галоўны напрамак працы. Так, Эла Ўладзіміраўна, ствараючы свае аўтарскія работы, аддае перавагу тэхніцы спіральнага пляцення з саломы з выкарыстаннем нітак, лазы і кораня хвоі.
Побач з традыцыйнымі вырабамі Э.Зінкевіч стварае прадметы ў сучасным стылі, арыгінальныя па форме і змесце. У многіх аўтарскіх работах умела інтэрпрэтавана традыцыйная аснова, унесены элементы індывідуальнай творчасці.
Майстар добра валодае кампазіцыяй, дакладна выбірае патрэбныя вобразныя сродкі, умела стылізуе формы, валодае прыродным густам. Выхаваная на традыцыйным мастацтве пляцення, знаёмая з творчасцю сучасных майстроў, яна знайшла свой шлях у мастацтве саломапляцення, абагаціла яго выкарыстаннем розных дадатковых матэрыялаў у стварэнні аўтарскіх сучасных кампазіцый, наватарскіх па форме і арыгінальных.
Эла Ўладзіміраўна – удзельніца раённых, абласных і рэспубліканскіх выстаў народнай творчасці, конкурсаў, кірмашоў і іншых культурных акцый. Яна член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, граматны спецыяліст і вопытны педагог. З’яўляецца галоўным натхніцелем і арганізатарам многіх музейных мерапрыемстваў, такіх як “Ноч музеяў”, “Мікалаеўскія кірмашы”, “Свята рамёстваў”, фестывалю “Меч Брачыслава”.
Пра высокую ацэнку работы майстра сведчаць шматлікія ўзнагароды, адна з апошніх – прэмія за высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва ў намінацыі “Лепшы майстар традыцыйных рамёстваў”.
Таццяна Прашкевіч.
Фота.