Тыдзень прававых ведаў

Главное

Ведаць свае правы і абавязкі павінен кожны грамадзянін нашай краіны, нават самы маленькі. І пачынаць вывучаць іх неабходна са школьнага ўзросту. У гэтым настаўнікам дапамагаюць супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі.
Каб павысіць прававую культуру дзяцей і падлеткаў, нядаўна ў Браслаўскай дзіцячай бібліятэцы прайшоў тыдзень прававых ведаў “Знаць правы і абавязкі з дзяцінства”, у рамках якога выкарыстоўваліся розныя формы работы.
Так, для вучняў 8 класа СШ №1 прайшла гадзіна прававых ведаў з удзелам намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх Браслаўскага райвыканкама Жанны Скур’ят. Яна расказала дзецям пра тое, як наша дзяржава абараняе правы дзяцей, а таксама прывяла прыклады, калі б, здавалася, несур’ёзнае свавольства юных браслаўчан прыводзіць да бяды.
Для вучняў 9-х класаў супрацоўнікі бібліятэкі правялі інфармацыйную гадзіну “Зона. Асцярожна: дзеці…” – з праглядам відэафільма. Аўтары стужкі паказалі эпізоды з жыцця малалетніх злачынцаў адной з выхаваўчых калоній краіны. Там, за калючым дротам, на волі, засталіся сябры, дзяцінства, родныя і здзейсненае імі злачынства, за якое трэба несці адказнасць.
У форме гульні, што такое права і навошта ведаць свае правы і абавязкі, прайшло знаёмства малодшых школьнікаў з інфармацыйным прадуктам “Дзіцячы прававы сайт”. Сайт быў заснаваны Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі РБ у 2008 годзе і з таго часу стаў выдатным памочнікам у вывучэнні правоў і абавязкаў. Інфармацыя на ім прадстаўлена ў цікавай і дасягальнай для малых форме праз гульнявыя сітуацыі.
У падарунак усе юныя чытачы атрымалі інфармацыйныя лістоўкі “Дзіцячаму прававому сайту – 4 гады”, а разам з тым цікава і карысна правялі час.

Галіна Мацеша,
загадчыца Браслаўскай дзіцячай бібліятэкай.