Брунеткі супраць бландзінак

Новости

За апошнія некалькі гадоў работнікі культуры неаднойчы радавалі браслаўчан захапляльнымі шоу-праграмамі. “Дзве зоркі”, “Цудоўная пяцёрка”, “Зорныя танцы”, “Міс Браслава” праходзілі заўсёды пры аншлагу. Усіх жадаючых паглядзець шоу, у якім удзельнічаюць калегі па працы, знаёмыя ці сябры, глядзельная зала РДК, дзе 360 месц, звычайна не магла. І вось чарговая шоу-праграма “Бландзінкі супраць брунетак”, што прайшла ў мінулую нядзелю, стала яшчэ адным яскравым пацвярджэннем павышанага інтарэсу браслаўчан да такіх мерапрыемстваў.
На сцэне РДК зноў правілі баль маладосць, грацыя, арыгінальнасць. Пяць бландзінак дэманстравалі свае лепшыя здольнасці перад пяццю брунеткамі. Аднак адразу зазначу, як гучыць у адной песні, што не залежыць дабрыня ад росту, так і колер валасоў не ўплывае на артыстызм і непаўторнасць, асабліва калі ты малады і таленавіты. Пра гэта пастаянна напаміналі вядучыя шоу Алег Лабуць і Віталь Жук, а ўдзельніцы праграмы пацвярджалі гэтую ісціну кожным сваім выхадам на сцэну.
Арганізатары шоу падрыхтавалі для бландзінак і брунетак нямала самых розных іспытаў. Трэба было паказаць веданне кіравання аўтамабілем, знайсці выйсце з неардынарных сітуацый у дарозе. Праўда, усё гэта праходзіла ў гумарыстычнай форме, і па бурных апладысментах можна сцвярджаць, што вельмі падабалася гледачам. Удзельніцы таксама паспрабавалі свой спрыт у бегу на абцасах за зборам шароў у глядзельнай зале, перацягванні каната, прадэманстравалі, што яны могуць у ролі бэбі-мам. Нікога не пакінулі раўнадушнымі і інтэрпрэтацыі кліпаў вядомых выканаўцаў, авангардныя касцюмы, многія элементы якіх былі выкананы ўласнымі рукамі саміх удзельніц. І хоць зразумела, што “Бландзінкі супраць брунетак” не толькі шоу, але і конкурс, бо журы выстаўляла пасля кожнага іспыту балы, гледачы да апошняга моманту чакалі развязкі інтрыгі. З перавагай толькі ў два балы перамаглі брунеткі, каманду якіх прадстаўлялі Ганна Пуйша, Ліна Марозава, Марына Фёдарава, Галіна Мядзюха, Настасся Барсковіч. Пра кожную з іх можна сказаць шмат цудоўных слоў, бо адчувалася, што, акрамя абаяльнасці, маладосці, ім прысутны індывідуальнасць, загадкавасць, жаноцкасць.
Такой жа характарыстыкі заслугоўваюць і пяць-удзельніц бландзінак – Кацярына Марцінкевіч, Алеся Нарэль, Галіна Паніч, Таццяна Клакоўская, Гання Лявіцкая. Нягледзячы на мноства анекдотаў пра бландзінак, браслаўскія дзяўчаты даказалі, што яны, як адна, эфектныя, мэтанакіраваныя і артыстычныя.
Віншуючы ўдзельніц шоу-праграмы, старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў, ён жа ўзначальваў і журы, вельмі трапна адзначыў, што ў Браславе сапраўды шмат прыгожых і таленавітых дзяўчат, а прафесіяналізм работнікаў РДК і аддзела культуры дазваляе рыхтаваць такія цікавыя і відовішчныя мерапрыемствы. С. Шматаў уручыў усім бландзінкам і брунеткам кветкі і сувеніры.
Закончылася шоу-праграма нумарам, які ўдзельніцы шоу выканалі сумесна з рэжысёрам мерапрыемства Святланай Кажапенькай.

Тэкст і фота
Зінаіды Палулех.