Свята для ветэранаў

Новости

У нашай краіне 10 лістапада адзначаўся дзень ушанавання ветэранаў органаў унутраных спраў і ваеннаслужачых унутраных войскаў МУС. Дата гэта выбрана невыпадкова. Для супрацоўнікаў міліцыі, якія служылі ў гады Савецкага Саюза, гэты дзень быў прафесійным святам – Днём міліцыі, які ветэраны заўсёды святкавалі, святкуюць і зараз. Таму з 2007 года органы беларускай міліцыі афіцыйна лічаць гэту дату Днём ушанавання ветэранаў.
Урачыстасці з гэтай нагоды прайшлі і ў Браслаўскім раённым аддзеле ўнутраных спраў. Напярэдадні свята супрацоўнікі РАУС разам з прадстаўнікамі ветэранскай арганізацыі, моладдзю з БРСМ наведалі і прывялі ў парадак магілы ветэранаў браслаўскай міліцыі, якія загінулі ў гады вайны і пасляваенны час ад рук бандытаў. Гэта Іван Фенчанка і Іван Цыркін, героі, якія за правапарадак на тэрыторыі раёна аддалі сваё жыццё.
А 9 лістапада ўсе пенсіянеры і ветэраны, у якіх была магчымасць прысутнічаць на мерапрыемстве, сабраліся ў аддзеле ўнутраных спраў. Са святам іх павіншаваў часова выконваючы абавязкі начальніка РАУС Андрэй Бабуль. Пад гучныя апладысменты рады шматлікай ветэранскай арганізацыі РАУС папоўнілі нядаўнія міліцыянеры, адказныя і старанныя супрацоўнікі, якія зараз на заслужаным адпачынку, – Уладзімір Лаўранкоў, Віктар Мархель, Мікалай Крумін.
Пасля ўрачыстасці прысутныя накіраваліся на гарадскія могілкі, дзе пахаваны 23 міліцыянеры. Па добрай традыцыі да кожнай магілкі ўсклалі кветкі і хвілінай маўчання ўшанавалі памяць таварышаў.
Потым кіраўніцтва РАУС запрасіла ўсіх жадаючых за святочны стол, дзе ў нефармальнай абстаноўцы сябры і калегі па рабоце мелі магчымасць пагутарыць, падзяліцца навінамі, успомніць яркія моманты міліцэйскай службы. У свой адрас непрацуючыя ўжо міліцыянеры пачулі шмат цёплых слоў і пажаданняў.

Часлаў Угарэнка,
намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні.