Кафэ “Бяльмонты” чакае гасцей

Общество

На мінулым тыдні яркай і значнай падзеяй для жыхароў аграгарадка Ахрэмаўцы стала адкрыццё новага кафэ. Яго ўласнік – ААТ “Торфабрыкетны завод Браслаўскі” – падарыў мясцовым жыхарам такое доўгачаканае свята.
Рэалізаваных ідэй у кіраўніцтва прадпрыемства шмат, а планаў наперадзе яшчэ больш. А ўсё таму, што на першым плане дабрабыт і інтарэсы сваіх супрацоўнікаў і мясцовых жыхароў. Так, у Ахрэмаўцах нядаўна з’явіліся лазня, міні-гасцініца, на прадпрыемстве пакой для адпачынку з усімі выгодамі. Здавалася б, што яшчэ трэба. Але некалькі гадоў таму назад кіраўніцтву прадпрыемства прыйшла ідэя адкрыць у аграгарадку кафэ. Многа грошай і сіл было ўкладзена ў былое памяшканне сталовай, перш чым яно пераўтварылася ва ўтульнае месца адпачынку – кафэ “Бяльмонты”.
Ды і назва выбрана невыпадкова. Раней побач з Ахрэмаўцамі была вёска Бяльмонты, але з цягам часу яна далучылася да аграгарадка, і застаўся ад яе толькі парк з аднайменнай назвай. Каб захаваць памяць пра гэта цудоўнае месца, ім і назвалі кафэ, тым больш, што побач раскінуўся прыгожы парк “Бяльмонты”.
На цырымонію адкрыцця запрасілі намесніка старшыні райвыканкама Валянціну Высоцкую, старшыню Ахрэмавецкага сельскага Савета Святлану Багародзь і дырэктара ААТ “ТБЗ Браслаўскі” Паўла Драбовіча, шмат сабралася ахрэмаўчан. Для іх гэта асаблівая падзея. Работнікі культуры ў сваю чаргу падрыхтавалі святочную праграму.
— Ахрэмаўцы – трэці па велічыні населены пункт у раёне, — зазначыла Валянціна Высоцкая. – Тут ужо працуе адно кафэ, уласнік якога райпа. Але яно не такое вялікае і не настолькі сучасна абсталяванае. Таму дастойную канкурэнцыю яму складзе новае. У жыхароў населенага пункта з’явілася цудоўная магчымасць адзначыць сямейнае свята, моладзі ёсць дзе адпачыць і карысна правесці час. Кафэ “Бяльмонты” — гэта сапраўдны падарунак людзям.
Права перарэзаць чырвоную стужку атрымалі ганаровыя госці — старшыня Ахрэмавецкага сельскага Савета Святлана Багародзь і дырэктар ААТ “ТБЗ Браслаўскі” Павел Драбовіч.
Невялікую экскурсію па новым кафэ для гасцей свята правяли таваравед Марына Віхрова і Павел Драбовіч. Разлічана яно на 60 чалавек. Вялікае, камфортнае і ўтульнае памяшканне поўнасцю схіляе да прыемнага адпачынку: барная стойка, вялікая зала, два тэлевізары. Для аматараў актыўнага адпачынку ёсць настольны тэніс, більярд, бегавая дарожка. Тут можна арганізаваць сямейнае свята, вяселле ці адзначыць юбілей. І ўсё гэта за прымальны кошт – 50 тыс. рублёў у гадзіну. Паганяць шары ці заняцца фігурай на бегавой дарожцы магчыма за 10 тысяч рублёў. Акрамя гэтага, за ўмераны кошт у кафэ прапануюць багаты выбар страў, комплексныя абеды. У новым кафэ будзе цікава людзям любога ўзросту. Для дзяцей у шырокім асартыменце ёсць сокі і саладосці, для дарослых — вялікі выбар страў і напіткаў.
Пра тое, што кафэ “Бяльмонты ” будзе запатрабаваным, сведчыць той факт, што тут ўжо адбыліся некалькі вяселляў і юбілеяў. Хацелася б, каб у кожным аграгарадку раёна было такое ўтульнае месца для адпачынку.
Адным словам, ніхто не застанецца разачараваным, кожны знойдзе для сябе нешта па душы, пад настрой, упэўнены супрацоўнікі кафэ “Бяльмонты”. Яны з нецярпеннем чакаюць гасцей.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.