Ім гонар, слава і хвала

Новости

Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай галіны аграпрамысловага комплексу ў раённым Доме культуры адбыліся ўрачыстасці з нагоды прафесійнага свята. На яго запрасілі лепшых працаўнікоў палёў і ферм, вопытных і маладых спецыялістаў, кіраўнікоў, ветэранаў вытворчасці.
Да прыезду перадавікоў сельскагаспадарчай галіны ў танцавальнай зале нашы перапрацоўшчыкі наладзілі выставу-дэгустацыю сваёй прадукцыі. Свае вырабы прэзентавалі калектывы хлебазавода, “ВТЦ г. Браслаў”, райспажыўтаварыства. А ў фае была адкрыта фотавыстава “Вам гонар, слава і хвала, працаўнікі сяла”. На ёй многія з прысутных убачылі на фотаздымках сябе. Усё гэта дазваляла стварыць святочны настрой задоўга да пачатку асноўнага дзеяння.
Першымі хлебаробаў раёна выйшлі павітаць сваімі песнямі ўдзельнікі гурта “На панадворку”. Затым вядучыя запрасілі на сцэну старшыню райвыканкама Сяргея Шматава, якому ўручылі традыцыйны каравай. У сваім звароце да прысутных Сяргей Мікалаевіч падкрэсліў, што ў сельскагаспадарчай галіне працуе чвэрць працаздольнага насельніцтва раёна. І работа гэтых людзей нялёгкая. У іх рэдка бываюць выхадныя, рабочы дзень у час прыпару доўжыцца па 12-14 гадзін, не заўсёды спрыяе надвор’е. Аднак наперакор усяму працаўнікі палёў і ферм дабіваюцца нядрэнных вынікаў, бо большасць з іх шчырыя, самаадданыя людзі, верныя выбраным прафесіям.
У заключэнне кіраўнік раёна павіншаваў усіх са святам, пажадаў далейшых поспехаў у працы і паўсядзённым жыцці, уручыў граматы, дыпломы і ўдзячныя лісты лідарам сельгасвытворчасці.
Начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і прадуктаў харчавання Максім Чагарын падвёў вынікі работы галіны за 10 месяцаў бягучага года, назваў шмат прозвішчаў перадавікоў вытворчасці, уручыў ганаровыя ўзнагароды.
Не засталіся без падзяк і ўзнагарод шэфскія арганізацыі, партнёры-перапрацоўшчыкі.
У заключэнне вялікім канцэртам прысутных парадавалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці з Віцебскага аблгаза.

Аляксандр Азевіч.
Фота аўтара.