Будучыня вытворчасці за маладымі спецыялістамі

Главное

Адно з пытанняў, вынесеных на парадак дня пасяджэння райвыканкама, якое праходзіла 16 кастрычніка, тычылася мер, прымаемых у працоўных калектывах раёна па замацаванні маладых спецыялістаў. Бадай, не выпадкова, бо кожны год на першае працоўнае месца ў раён прыбываюць звыш 150 маладых спецыялістаў, застаецца ж з іх пасля абавязковай адпрацоўкі менш за палавіну. Чаму маладыя людзі пасля адпрацоўкі, асабліва ў сельскагаспадарчай галіне, шукаюць лепшай долі ў іншых арганізацыях, і было ў цэнтры ўвагі на пасяджэнні.
Аднак спачатку начальнік аддзела па справах моладзі Іван Бялусь як асноўны дакладчык засяродзіў увагу на станоўчых момантах па рабоце з моладдзю ў такіх працоўных калектывах, як аддзел адукацыі і ўстаноў аховы здароўя, нацыянальны парк, СВК “Маяк Браслаўскі”. У іх на падставе дзейнічаючых нарматыўных дакументаў, калектыўных дагавораў распрацаваны “сацыяльны пакет”, які ўключае гарантыі і льготы для спецыялістаў, што закончылі навучанне і прыбылі на першае рабочае месца. Заслугоўвае ўвагі і вопыт ААТ “Друйскі”, “Браслаўскі райаграсэрвіс”, “Агравідзы”, КУСП “Відзаўскі”, СВК “Маяк Браслаўскі”, адміністрацыя якіх папярэдне падбірае кандыдатуры і заключае з імі мэтавыя дагаворы.
У раёне арганізаваны ўлік кадраў з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, якія прыбылі па размеркаванні. З мэтай вывучэння праблем у быце і на працоўным месцы з імі праводзяцца анкетаванні, апытанні, гутаркі. Штогод адбываюцца і сустрэчы іх з кіраўніцтвам раёна.
З мэтай павышэння прафесійнага майстэрства, папулярызацыі рабочых прафесій і замацавання моладзі ў розных галінах вытворчасці праводзяцца ўнутрыкалектыўныя і раённыя конкурсы, такія як “Лепшы па прафесіі”, на лепшую арганізацыю работы з маладымі спецыялістамі. Дарэчы, у мінулым годзе раённая бальніца была прызнана лепшай у вобласці сярод устаноў аховы здароўя па выніках работы з моладдзю і адзначана дыпломам аблвыканкама.
Прыбыўшыя на першае працоўнае месца спецыялісты пастаянна прыцягваюцца да ўдзелу ў раённых культурна-масавых і спартыўных мерапрыемствах.
Разам з тым Іван Бялусь зазначыў, што далёка не ва ўсіх працоўных калектывах работа па замацаванні маладых спецыялістаў набыла сістэмны характар. У шэрагу сельгаспрадпрыемстваў іх кіраўнікі не імкнуцца вырашаць такія злабадзённыя пытанні, як матэрыяльнае стымуляванне працы, жыллё, увогуле, санітарна-бытавыя ўмовы.
Старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў перасцярог кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, што калі яны паўсядзённа не будуць імкнуцца іх вырашаць, то праз 10-15 год у сельскай гаспадарцы ўвогуле некаму будзе працаваць.

Казімір Пятушка.