Па ініцыятыве грамадскіх арганізацый

Новости

Днямі раённае аддзяленне Фонду міру, жаночы савет і парафіяльнае дабрачыннае таварыства “Карытас” сабралі за круглым сталом бацькаў, у сем’ях якіх 21 верасня нарадзіліся дзеці. Чаму менавіта іх? Усё тлумачыцца проста. Згодна з рашэннем Генеральнай асамблеі ААН, 21 верасня кожнага года аб’яўлены Днём міру, а дзеці, якія нарадзіліся на працягу яго, дзецьмі міру. На Браслаўшчыне сёлета такое званне атрымалі шэсць хлопчыкаў і дзяўчынак, прычым у сям’і Цітовічаў адразу двое. Таму па зыходзе некалькіх тыдняў пасля нараджэння дзяцей тры грамадскія арганізацыі і вырашылі падарыць татам і мамам свята, накрыць для іх салодкі стол, за якім і пагаварыць пра хвалюючыя маладых бацькоў пытанні.
Спачатку прысутныя пазнаёміліся між сабой, расказалі, як выбіралі імёны для сваіх сыноў і дачок, і тут жа атрымалі сюрпрыз. Ірына Мацук, якая ўзначальвае раённае аддзяленне Фонду міру, уручыла сем’ям памяткі, дзе згодна з імем расказвалася пра характар і задаткі іх носьбітаў.
Размову пра дэмаграфічную сітуацыю, здароўе маці і дзіця, ролю жанчыны ў сям’і і грамадстве, пра спрадвечныя хрысціянскія каштоўнасці прадоўжылі старшыня жаночага савета Ніна Пучынская, намеснік галоўнага ўрача райбальніцы Тамара Дубіна, прадстаўніца прыходскага “Карытаса” Тамара Пашкевіч, начальнік аддзела ЗАГС Галіна Юрэнка.
Атмасфера ў час сустрэчы панавала шчырая, кожны з прысутных змог падзяліцца ўласнымі думкамі пра выхаванне дзяцей, сваім бачаннем прычын сямейных праблем і таго, як не дапускаць канфліктаў.
На развітанне бацькам для іх сыноў і дачок былі ўручаны пасведчанні “Дзіця міру” і невялікія падарункі, а ад праўлення парафіяльнага таварыства “Карытас” – сертыфікаты на ўдзел у дабрачынных акцыях 2013 года.