Браслаўшчына чакае гасцей

Главное

Імкліва бяжыць час. Не паспееш азірнуцца, як новы год пастукаецца ў дзверы. Заўсёды хочацца сустрэць яго неяк незвычайна, бо нездарма ж кажуць, як Новы год сустрэнеш, такім ён і будзе.
Многія пачынаюць думаць пра сустрэчу Новага года загадзя.
Ні для каго не сакрэт, што шмат расіян імкнуцца прыехаць на Новы год і Каляды ў Беларусь. Не грэбуюць адпачынкам у сябе на радзіме і беларусы. Што прапануюць ім сёлета нашы базы і аграсядзібы, ці запатрабаваны яны? Пра гэта я пацікавілася спачатку ў
Андрэя Пад’ельскага, в.а. начальніка турыстычнага аддзела нацыянальнага парка “Браслаўскія азёры”:
— Продажам пуцёвак на базу адпачынку “Дрывяты” на навагоднія святы займаецца наш партнёр Цэнтр-курорт. А вось на базы “Лявошкі” і “Золава” – наш аддзел. На апошніх мы можам прыняць крыху больш за 50 чалавек. У асноўным 80% ад гэтай колькасці пуцёўкі купляюць расіяне – жыхары Масквы і Санкт-Пецярбурга. Тур разлічаны з 30 снежня па 6 студзеня. Каштуе ён у сярэднім з харчаваннем, пражываннем, культурнай праграмай каля 3 млн. руб. з кожнага чалавека. Попытам адпачынак карыстаецца як у сямейных пар, так і ў маладзёжных кампаній. Пакуль яшчэ не ўсе пуцёўкі распрададзены.
Вольга Лапыр, начальнік службы прыёму і размяшчэння турбазы “Браслаўскія азёры”, паведаміла, што сёлета заяўкі на навагоднія канікулы яны пачалі прымаць пазней, чым звычайна, бо ішло завяршэнне рэканструкцыі круглагадовага корпуса, дзе можа размясціцца 51 чалавек. Цяпер пачалі прадаваць пуцёўкі больш актыўна.
Запатрабаваны яны як у расіян, так і ў беларусаў. Дарэчы, ніякага павышаючага каэфіцыента на адпачынак для нашых суседзяў цяпер не існуе, як гэта практыкавалася раней. У асноўным найбольш жадаючых адпачыць з 29 снежня па 3 студзеня. Арыенціровачны кошт – 80 долараў ЗША з кожнага чалавека за суткі. Сюды ўваходзіць трохразовае харчаванне, пражыванне, навагодні банкет з забаўляльнай праграмай. Можна таксама наведаць пункт пракату зімовага спартыўнага інвентару, спартыўную залу, лазню, пагуляць у більярд, настольны тэніс.
Папулярнасцю на навагоднія святы карыстаюцца і аграсядзібы Браслаўшчыны. Напрыклад, гаспадыня сядзібы “На ўзлеску” Кацярына Шакель расказала, што з 29 снежня па 8 студзеня ў іх усе месцы ўжо забраніраваны. У асноўным прыедуць адпачываць госці з Расіі, у якіх беларускія карані. Для маладых сямейных пар з дзецьмі і бацькамі такі від адпачынку вельмі даспадобы. Гаспадары не прапануюць сваім адпачываючым харчаванне, у кожным доміку ёсць усё неабходнае, каб прыгатаваць ежу самастойна, на свой смак і густ. Госці Шакеляў з задавальненнем ходзяць на зімовую рыбалку, мыюцца ў лазні. А калі пажадаюць запрасіць для дзяцей Дзеда Мароза, то і такое іх жаданне выканаюць.
Словам, хочацца пажадаць усім, хто прыедзе на Браслаўшчыну на навагоднія святы, добрага і цікавага адпачынку, а гаспадарам – гасціннасці і цярпення. Здзіўляйце гасцей нашым нацыянальным каларытам, смачнымі стравамі беларускай кухні, каляднымі традыцыямі.
Зінаіда Палулех.