Па вопыт і ідэі ў ЗША

Общество

Аднойчы на сайце агенцтва ЗША па міжнародным развіцці USAID давялося пазнаёміцца з праграмай прафесіянальна-культурнага абмену пад назвай “Устойлівае эканамічнае развіццё рэгіёнаў” і ўмовамі конкурсу на ўдзел у ёй. Запрашаліся прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і мясцовых ініцыятыў, прыватнага бізнесу, прафесіянальных і бізнес-асацыяцый, інш. катэгорый беларусаў. Так як у нас створана раённае грамадскае аб’яднанне трансгранічнага супрацоўніцтва “Еўрарэгіён “Азёрны край” і я там з’яўляюся намеснікам кіраўніка, вырашыла паспрабаваць свае магчымасці. Конкурс праходзіў у два этапы. З 56 прэтэндэнтаў на ўдзел у ім былі адабраны 10 чалавек. У той лік пашчасціла трапіць і мне.
Праграма нашай стажыроўкі ў Злучаных Штатах была вельмі насычанай. Навучаліся мы ў г. Вустар штата Масачусетс, пазнаёміліся са шматлікімі аб’ектамі эканомікі, культуры, адукацыі, бізнесу, турызму. Нам была дадзена магчымасць пазнаёміцца не толькі з памятнымі і гістарычнымі мясцінамі, але і вывучыць асаблівасці функцыянавання прадпрымальніцкага асяроддзя, палітыкі занятасці, падыходы да выкарыстання патэнцыялу мясцовых ініцыятыў для дасягнення мэты эканамічнага развіцця.
Нікога не пакінуў раўнадушным сам горад Вустар з яго шматлікімі ўніверсітэтамі і сучаснымі буйнымі медыцынскімі цэнтрамі. Дарэчы, прыемна ўразіла, што менавіта гэты горад славіцца многімі сваімі адкрыццямі – развадным ключом, першай паштоўкай на Дзень Святога Валянціна, смайлікам і інш.
Мы пабылі ў Вустарскім палітэхнічным універсітэце, наведалі Цэнтры малога бізнесу і садзейнічання экспарту, Гановерскі тэатр. Дарэчы, пра яго хочацца сказаць асобна. З ім цесна звязана адно з такіх накірункаў, моцна развітых у ЗША, як валанцёрства. Справа ў тым, што тэатр гэты названы ў гонар страхавой кампаніі, якая выдзеліла сродкі на яго рэстаўрацыю. Тут працуе таксама мастак-валанцёр. Ён робіць для тэатра фотарэпартажы, ажыццяўляе свае творчыя задумы.
Валанцёрства ў Злучаных Штатах стала для не проста хобі, а стылем жыцця. Гэта для іх здаровы лад жыцця, самаадукацыя, дабрачыннасць, самазацвярджэнне, патрыятызм.
Без любові да сваёй краіны, роднага краю немагчыма стаць валанцёрам, працаваць для сваёй дзяржавы, каб зрабіць яе яшчэ больш прыгожай і квітнеючай.
У рэстаўрыраваных з дапамогай валанцёраў і спонсараў памяшканнях вывешваюцца таблічкі з выгравіраванымі на іх словамі ўдзячнасці, у добраўпарадкаваных парках і скверах ёсць лавачкі з ініцыяламі дарыцеляў.
У нашай краіне ёсць таксама патэнцыял валанцёрскай работы. Для гэтага не трэба быць мільянерам. Можна і трэба прысвяціць хоць бы адзін дзень дабру. Таму пасля паездкі ў гэтую далёкую краіну я яшчэ раз упэўнілася, што мы павінны ажыццявіць свой валанцёрскі праект “Мой горад і я”, якому ўжо дадзены старт. Ён нацэлены на тое, каб з дапамогай моладзі, іншых браслаўчан, гасцей Браслава зрабіць наш горад яшчэ больш прыгожым і утульным, прыцягальным для турыстаў. У гэтай добрай справе важна аб’яднаць намаганні грамадскасці і раённай улады, усіх, хто хоча зрабіць жыццё ў нашым горадзе лепшым.
Злучаныя Штаты – гэта адкрыты, сяброўскі і ўсмешлівы народ. Тут трэба ўсміхацца кожнаму і ў любой сітуацыі: прадаўцам у магазіне, персаналу ў гасцініцы, знаёмым і ўсім прахожым.
Усмешка лічыцца сігналам дабрабыту чалавека. Яна ў Амерыцы азначае ўдзячнасць, накшталт нашага дзякуй ці калі ласка.
У гэтай краіне можна расказваць толькі пра свае станоўчыя эмоцыі, растройваць іншых сваімі непрыемнасцямі непазваляльна. Уласнымі праблемамі тут дзеляцца толькі з блізкімі.
Амерыканцы не любяць адзіноту. Грамадзянін ЗША павінен быць часткай амерыканскага грамадства ці, іншымі словамі, актыўным членам якога-небудзь сацыяльнага аб’яднання, будзе гэта працоўны калектыў, таварыства валанцёраў, грамадская ці рэлігійная арганізацыя.
У амерыканцаў няма прыяцеляў ці знаёмых, у іх усе лічацца сябрамі. Калі ім хто-небудзь хоць крыху спадабаўся, то ўжо сябар.
Любяць добра паесці, аднак не ахвотнікі гатаваць, хоць кухні ў іх цалкам укамплектаваны рознай электра-бытавой тэхнікай.
У краіне забаронена ўжываць алкаголь да 21 года, курыць да 18 гадоў, а таксама забаронена курыць у грамадскіх месцах. У офісах вісяць таблічкі: “Дзякуем, што не курыце ў нас!”. У супермаркетах няма полак са спіртным, а ля кас не прадаюцца цыгарэты.
У іх вельмі не прынята спазняцца. Калі спазняешся на работу, значыць, не зацікаўлены ў ёй, калі на сустрэчу, то такім чынам паказваеш сваю непавагу да чалавека.
Дарогі ў ЗША – нацыянальныя набыткі. Дарогі, якія звязваюць штаты, заўсёды аднабаковыя. Прыпынкі на іх забаронены. Каб спыніцца, неабходна з’ехаць у так званы выхад, які вядзе да заправачнай, зоны адпачынку ці з’езду ў горад. Трэба ўважліва сачыць за знакамі і картай.
У сельскай мясцовасці дарожная інфраструктура таксама развіта на ўзроўні. Грунтовых дарог няма. Дамы размешчаны ў асноўным на хутарах. Каля іх няма агароджаў або яны ўмоўныя, у выглядзе зялёных насаджэнняў. Уваходныя дзверы гаспадары нават не заўсёды зачыняюць на замок.
Вельмі арыгінальныя аўтамабільныя нумары. Як правіла, на іх клеіцца дзве наклейкі. Першая паказвае месяц, у якім зарэгістравана машына, яна не мяняецца. Другая паказвае год рэгістрацыі і мяняецца штогод. Кожны год абазначаецца сваім колерам. Паліцэйскі заўважае “няправільны” колер і адразу звяртае ўвагу на месяц. Калі пратэрмінавана – вадзіцелю не паздаровіцца.
У гэтай краіне самы важны аб’ект на дарозе — пешаход. Калі ён знаходзіцца на скрыжаванні і пераходзіць вуліцу, вадзіцель мае права пачынаць рух толькі тады, калі пешаход закончыць рух, таму што ён у любы момант можа спатыкнуцца, упасці і аказацца пад коламі аўтамабіля.
Вось такая яна, шматгранная і незвычайная Амерыка. Думаю, нямала з таго, што ёсць у Штатах, маглі б узяць на заметку для сябе і мы. Асабліва наконт спазненняў і культуры паводзін на дарогах.

Наталля Спірыдонава,
галоўны спецыяліст аддзела
ідэалагічнай работы райвыканкама.