Моладзь за здаровы лад жыцця!

Главное

Пад такім дэвізам прайшла спартакіяда сярод штатных работнікаў і актыва раённых і гарадскіх арганізацый Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Яго ладзіў абласны камітэт БРСМ на базе дзіцячага аздараўленчага лагера “Энергетык”, што ў Віцебскім раёне. Мерапрыемства сабрала на свае вясёлыя старты хуткіх, смелых, спрытных дзяўчын і юнакоў, якія спаборнічалі ў сяброўскай эстафеце.
Браслаўшчыну на спартакіядзе прадстаўлялі 10 актывістаў з розных прадпрыемстваў і арганізацый. Адпаведна палажэнню, удзельнікі з аднаго раёна размяркоўваліся па розных камандах. Нашы землякі аказаліся ў шасці розных калектывах, але гэта іх не засмуціла. Па-першае, усе, хто сабраўся на спаборніцтвы, за агульную справу – здаровы лад жыцця, а па-другое, новыя знаёмствы толькі на карысць удзельнікам.
Усяго ў спартакіядзе прынялі ўдзел 10 каманд, якія спаборнічалі ў такіх конкурсах, як “Кёрлінг па-мясцоваму”, “Разгадай рэбус”, “Уладар гары”, “Сляпыя шашкі”, “Павуціна”, “Рыбалка”, “Вадавоз” і іншых. Адным словам, сумаваць не было калі. Нават на вячэрні час арганізатары падрыхтавалі культурна-забаўляльную праграму.
На другі дзень адбылося доўгачаканае падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў спартакіяды. Прадстаўнікі Браслаўскага раёна Яўген Мацук з нацыянальнага парка і Святлана Лапыр з раённага камітэта БРСМ вярнуліся дамоў з медалямі за трэцяе месца. А прадстаўнік пагранічнай службы Павел Мацкевіч прывёз медаль за другое. Дарэчы, і астатнім удзельнікам спартакіяды хапіла ўзнагарод: яны ўмацавалі здароўе і зарадзіліся яскравымі эмоцыямі.
Марыя Сяліцкая,
в.а. першага сакратара райкама БРСМ.