Заставайцеся на Браслаўшчыне – яно таго варта!

Новости

Штогод пасля атрымання прафесіі юнакі і дзяўчаты прыбываюць на сваё першае працоўнае месца. Сёлета прадпрыемствы і арганізацыі Браслаўшчыны таксама папоўніліся новымі кадрамі. У раён для працаўладкавання прыбыло 92 маладых спецыяліста. Больш за трэць з іх, традыцыйна, прыйшлі ў сельскую гаспадарку. Дастаткова шматлікае папаўненне атрымалі аддзел адукацыі, ЦРБ, нацыянальны парк, райпа.
Напрыканцы кастрычніка адбылася традыцыйная сустрэча маладых кадраў, якія прыбылі ў раён сёлета, з кіраўніцтвам раёна. Вітаў прысутных начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Іван Бялусь. Ён зазначыў, што мэта мерапрыемства – пазнаёміць юнакоў і дзяўчат паміж сабой і са службовымі асобамі, вырашыць пытанні, якія хвалююць працоўную моладзь, аказаць ёй дапамогу ў адаптацыі да новых умоў.
Старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў каротка расказаў пра Браслаўшчыну і перспектывы яе развіцця. Ён засяродзіў увагу на тым, што людзі, якія працуюць плённа і самааддана, не застаюцца незаўважанымі і адносна хутка рухаюцца па кар’ернай лесвіцы. Напрыканцы свайго выступлення С. Шматаў пажадаў маладым спецыялістам мэтанакіраванасці, творчых поспехаў, цікавага жыцця і выказаў спадзяванне, што большасць з іх застанецца на Браслаўшчыне і аддасць свае веды і навыкі гэтаму краю. “Заставайцеся на Браслаўскай зямлі – яно таго варта!” – сказаў ён.
Запрошаныя на сустрэчу службовыя асобы знаёмілі моладзь з парадкам пастаноўкі ў чаргу на будаўніцтва льготнага жылля, атрымання спецыяльных крэдытаў на спажывецкія тавары, вырашэння хвалюючых іх праблем.
Калі судзіць па зададзеных маладымі спецыялістамі пытаннях, можна прыйсці да высновы, што іх на цяперашні момант больш за ўсё хвалююць рэгістрацыя па новым месцажыхарстве, бо больш за 30% новых працаўнікоў прыбылі на Браслаўшчыну з іншых раёнаў, праблемы з жыллём і адносна невысокая зарплата. Прадстаўнікі ўлады парэкамендавалі моладзі звяртацца, перш за ўсё, да кіраўніцтва свайго прадпрыемства, або ўстановы. Калі ж праблема не вырашаецца на мясцовым узроўні, маладога чалавека гатовы выслухаць у райвыканкаме.
Пасля афіцыйнай часткі мерапрыемства маладыя спецыялісты скарысталіся магчымасцю бліжэй пазнаёміцца з Браславам падчас невялікай экскурсіі па ім. Дэлегацыя наведала аддзел ЗАГС райвыканкама, раённы дом культуры, ДЮСШ. Моладзь даведалася пра асаблівасці работы названых устаноў і паслугі, якія яны прапануюць. Завяршылася экскурсія наведваннем аграсядзібы Мікалая Валяўкі.

Вячаслаў Каладынскі.