Няма паратунку

Главное

На днях у рэдакцыю патэлефанаваў жыхар в. Урбаны, былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Іван Лапавухаў і расказаў, што, акрамя дзікоў, на вяскоўцаў звалілася яшчэ адна навала з лесу — бабры. Мала таго, што падтапліваюць агароды, дык павадзіліся ўжо ў сады, літаральна на вачах валяць фруктовыя дрэвы.
Прызнаюся, што калі б размаўляў не з Іванам Кандрацьевічам, якога добра ведаю, а з кім іншым, ніколі б не паверыў. Таму, адклаўшы ўсе справы, адразу паехаў ва Урбаны.
— Летась, з горыччу расказваў І. Лапавухаў, — згрызлі ніцую вярбу і чаромху. Ды з гэтым я змірыўся. Сёлета ж затапілі палову ўчастка з бульбай, трэць, што засталася, вырылі дзікі, таму не накапаў нават таго, што садзіў. А нядаўна ўзяліся за яблыні і іргу, якія растуць у 10-і метрах ад хаты. Узровень вады ў штучнай сажалцы ўзнялі настолькі, што затапіла пасаджаныя на беразе бярозы.
Убачыўшы рэдакцыйную машыну, да нас падышоў жыхар з суседняй вуліцы Іван Вайткевіч. Ён паведаміў, што ўжо два гады з-за падтаплення не садзіць бульбу. Сёлета ж вада дайшла да градак клубніцы.
Калі так будзе і далей, канстатавалі мае суразмоўцы, людзям давядзецца ўвогуле адмовіцца ад прысядзібных участкаў і саступіць месца бабрам.
Спадзяёмся, што пасля гэтай публікацыі ўладальнік паляўнічых угоддзяў усё ж стане на абарону правоў людзей, а не грызуноў.



Тэкст і фота Аляксандра Азевіча.