На шляху перамен (фота)

Главное

“ВТЦ г. Браслаў” цяпер знаходзіцца на шляху да перамен, у стане рэканструкцыі. Пра сённяшні дзень прадпрыемства і яго бліжэйшую перспектыву гутарка карэспандэнта газеты Зінаіды Палулех з в.а. дырэктара Жаннай Антоненка.

— Жанна Васільеўна, з якімі вытворчымі паказчыкамі калектыў прадпрыемства завяршыў дзевяць месяцаў бягучага года?

— Вытворчасць рыбнай прадукцыі ў натуральным выражэнні склала 2122 тоны, што складае 114,7% да ўзроўню адпаведнага перыяду мінулага года. Праўда, мы па-ранейшаму выпускаем больш за ўсё кількі ў таматным соўсе. Тым не менш асартымент рыбных кансерваў складае 37 найменняў. З іх 10 відаў, а гэта 11,1 тоны, з азёрнай, рачной і сажалкавай рыбы. Па гэтай прадукцыі мы працуем практычна з усімі пастаўшчыкамі Беларусі. Праўда, з многімі менавіта на давальніцкіх умовах. Гэта звязана ў першую чаргу з немалой цаной на азёрную і сажалкавую рыбу.
Рэнтабельнасць продажу за 9 месяцаў склала 7,2%. Сярэдняя заработная плата нашых работнікаў 3278 тыс. руб., што на 236% больш за ўзровень мінулага года. Працуем у залежнасці ад аб’ёмаў сыравіны ў дзве, а то і ў тры змены.

— Ваша прадпрыемства неаднойчы пераходзіла ў падпарадкаванне то адной, то другой структуры. Цяпер цэх перададзены ў камунальную ўласнасць Віцебскай вобласці. Як паўплывала гэта на работу?

— Віцебскі аблвыканкам прыняў рашэнне правесці на “ВТЦ г. Браслаў” рэканструкцыю. Увесь праект ацэньваецца ў 115 млрд. руб. Пакуль што правялі рамонт бытавых памяшканняў, аддзялення размарожвання рыбы, зрабілі касметычны рамонт у цэху. Гэта былі неабходныя крокі, каб атрымаць экспартны нумар, яго адсутнасць не дазваляла завозіць імпартную сыравіну.
За 9 месяцаў бягучага года экспарт прадпрыемства склаў 153,9 тыс. долараў.
У нас ёсць усе падставы для далейшага эканамічнага росту і развіцця. Пачатыя работы па рэканструкцыі дазволяць у далейшым ажыццяўляць экспартныя пастаўкі прадукцыі на рынкі краін мытнага саюза. Гэта будуць новыя віды рыбных кансерваў з рознымі напаўняльнікамі – агароднінай, макаронамі, крупамі. Разлічваем, што з 2014 года экспарт ад агульнага аб’ёму выпускаемай прадукцыі будзе складаць 45%.
Будуць не толькі новыя віды прадукцыі, але і ўпакоўкі – ламістэрны латок для вытворчасці кансерваў, лёгкія абеды.
Згодна з бізнес-планам, пасля рэканструкцыі аб’ём вытворчасці прадукцыі вырасце да 135%. У новых яе відах плануецца выкарыстоўваць не менш за 50% мясцовай сыравіны.

— Пра смак і якасць браслаўскіх кансерваў ведаюць далёка за межамі раёна. Як і дзе рэалізуецца ваша прадукцыя?

— Нягледзячы на вялікую канкурэнтнасць з боку расійскіх і ўкраінскіх вытворцаў, сваю прадукцыю мы ў асноўным рэалізуем беларускім кампаніям і фірмам, якія займаюцца аптовым гандлем. Праўда, спрабавалі адпраўляць пробныя партыі ў Казахстан. Там ацанілі якасць браслаўскіх кансерваў, аднак іх не задаволіла цана. Цяпер мы шукаем выйсце на расійскі рынак. Спадзяёмся, што ўсё ў нас атрымаецца.
Бо, напрыклад, цяпер мы маем унушальныя складскія запасы прадукцыі, якія складаюць каля 150% ад сярэднемесячнага выпуску кансерваў.

— Жадаю вам плённай працы і новых вытворчых поспехаў.