Віншуем аўтамабілістаў і дарожнікаў з прафесійным святам!

Актуальное

З першага дня існавання дарожнай арганізацыі ДЭУ-34,  якая абслугоўвае 230 км аўтамабільных дарог рэспубліканскага значэння ў нашым, Шаркаўшчынскім і Міёрскім раёнах, узначальвае яе Уладзімір Аніськоў. Напярэдадні прафесіянальнага свята карэспандэнт газеты Зінаіда Палулех  папрасіла яго расказаць пра вытворчыя справы калектыву, людзей, якія сваёй плённай працай дабіваюцца добрых вынікаў.

— Уладзімір Аляксандравіч, з якімі вытворчымі паказчыкамі вы падышлі да свайго прафесіянальнага свята?

— Сярод дзесяці структурных падраздзяленняў Віцебскаўтадара мы знаходзімся  ў залатой сярэдзіне. За 9 месяцаў бягучага года па бізнес-плане выканалі, а то і перавыканалі па асобных відах работ усе эканамічныя паказчыкі. У прыватнасці, прыбытак ад рэалізацыі за гэты перыяд склаў 386 млн. руб., чысты прыбытак – 165 млн. пры  рэнтабельнасці 4,2%. З пачатку года сіламі нашага калектыву на 6138 кв.м зроблены ямкавы рамонт асфальтабетоннага пакрыцця, на 31 км  умацаваны абочыны, на 834 км  зроблена разметка, на 10,8 км паверхневая апрацоўка. Устаноўлены 342 новыя дарожныя знакі, дарэчы, а ўсяго іх на нашых дарогах 3300.

Хацелася б адзначыць, што аказалі платных паслуг арганізацыям і насельніцтву на 600 млн. руб. Гэта самы высокі паказчык па Віцебскаўтадары.

Каб павысіць бяспеку і палепшыць камфортнасць руху на дарогах, якія абслугоўваем, імкнёмся працаваць шчыра.

— За ўсімі гэтымі лічбамі, вядома ж, стаяць людзі, якія ў любое надвор’е, пару года шчыруюць на сваіх рабочых месцах.

— Безумоўна, поспехі калектыву залежаць ад кожнага  спецыяліста, работніка. Мы жорстка падбіраем людзей па іх дзелавых і маральных якасцях. Асноўны ўпор робім на працоўную дысцыпліну. Гультаям і аматарам чаркі ў нас не месца.

Людзі маюць годную заработную плату. Спачатку года яна ў сярэднім складае амаль 3 млн. 200 тысяч руб. Для таго ж для персаналу ў нас створаны добрыя ўмовы. На базе размешчаны не толькі гаражы, вытворчыя і бытавыя памяшканні,  маюцца таксама пакой  адпачынку з мяккай мэбляй і камінам, трэнажорная, більярдная, тэнісная залы. Здароўе і жыццё працаўнікоў для нас самае галоўнае. Магчыма таму, што ўдзяляем гэтым пытанням такую павышаную ўвагу, штогод атрымліваем і ўзнагароды розных узроўняў. Адна з апошніх ад Дэпартамента транспарту за перамогу ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе за лепшую арганізацыю па ахове працы, культуры вытворчасці і добраўпарадкаванні тэрыторыі, аналагічныя маем ад Віцебскаўтадара, раённай улады.

— Калі заходзіш у адміністрацыйны будынак, кідаюцца ў вочы  шматлікія ўзнагароды, граматы. Калектыву сапраўды ёсць чым ганарыцца, у тым ліку  і ў спартыўных спаборніцтвах.

— Так, у нас са спортам сябруе кожны. Сёлета  мы нарэшце сталі пераможцамі спартакіяды сярод структурных падраздзяленняў Віцебскаўтадара. Ішлі да гэтай перамогі восем гадоў. Ёсць у нашых работнікаў перамогі ў розных відах спорту як на абласным, так і рэспубліканскім узроўнях ( ад аўт.: дарэчы,  Уладзімір Аніськоў заняў трэцяе месца сярод сваіх калег на нядаўніх рэспубліканскіх спаборніцтвах па більярдзе).

— Напярэдадні Дня аўтамабіліста і дарожніка, што б, Уладзімір Аляксандравіч, хацелі пажадаць калектыву?

— Новых працоўных перамог, справіцца паспяхова з усімі гадавымі заданнямі, спартыўных дасягненняў, моцнага здароўя, дабрабыту, сямейнага шчасця.

— Дзякую за гутарку. Далучаюся да вашых пажаданняў усім дарожнікам арганізацыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *