У Браславе адбыўся восеньскі кірмаш

Актуальное

Разгуляўшаяся ў ноч з пятніцы на суботу непагадзь ледзь не сарвала браслаўчанам традыцыйны восеньскі кірмаш. Але, да гонару працаўнікоў сяла, штармавое надвор’е іх не спужала, і ўжо з 7 гадзін раніцы яны пад парывамі шквалістага ветру пачалі абсталёўваць свае гандлёвыя месцы.
Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы прывезлі ў Леснічоўку збожжа, бульбу, агародніну, садавіну, мяса. Багаты выбар дароў садоў і агародаў быў на прылаўках каапнарыхтпрама, саладосцей і выпечкі — на паліцах райпа, мяса і мясных вырабаў — у магазінах СВК “Маяк Браслаўскі”. Упершыню ў восеньскім кірмашы удзел прымала фермерская гаспадарка “Багатая хата”, і гандлявала яна парасятамі французска-беларускай пароды, качкамі, гусакамі. Побач прапанаваў свае яблыкі ўпраўляючы ФГ Валерый Гарбуноў.
У сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўкай СВК “Маяк Браслаўскі” не змог прывезці ў Леснічоўку парасят. Затое аграсэрвіс прапанаваў ладных бычкоў, якія каштавалі ад 2,5 да 4,5 мільёна рублёў. Як заўжды ў ААТ “Мяжаны” можна было набыць маладняк племянных трусоў.
У адрозненне ад мінулых гадоў, калі зерне, бульба раскупліваліся ў першыя гадзіны гандлю, сёлета за гэтай прадукцыяй вялікія чэргі не выстройваліся. Мабыць, ветранае з раніцы надвор’е прытрымлівала пакупнікоў дома, і людзі прыходзілі паступова, не спяшаючыся быць першымі. Але збожжа, бульбы, капусты хапіла ўсім. Як казаў кіраўнік нарыхтпрама Уладзімір Навумаў, за капустай ездзілі 3 разы. Прадалі больш за 10 т. Карысталася попытам і цыбуля.
Першым у суботу распрадаў сваю прадукцыю райаграсэрвіс. А гэта 5 т зерня і 3 т бульбы. “Маякоўцы” за мяса і мясапрадукты выручылі больш за 60 мільёнаў рублёў. Адным словам, нягледзячы на адсутнасць вялікіх чэргаў, гандаль ішоў даволі бойка. Праўленне райпа забяспечыла дастаўку па Браславе купленых прадуктаў на “пікапе”.
Думаю, усе, хто хацеў зрабіць на зіму запасы, патрэбны тавар знайшоў.

Аляксандр Азевіч.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *