1614

Што пакінулі пасля сябе турысты на браслаўскіх стаянках адпачынку?

Актуальное

Закончыўся масавы заезд адпачываючых на турыстычныя стаянкі нацыянальнага парка. Паглядзець, што пакінулі пасля сябе нашы госці і ці наводзілі там парадак гаспадары, разам з інспектарамі міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Дзмітрыем Палуэктавым і Віктарам Мархелем аўтар гэтых радкоў наведаў стаянкі, размешчаныя на берагах азёр Струста і Снуды. Маршрут выбіралі невыпадкова, бо зоны адпачынку на ўзгаданых вадаёмах карыстаюцца павышаным попытам і летам рэдка пустуюць.
Трэба адзначыць, што літаральна на ўсіх з наведаных стаянках, не ўбачылі таго, што назіралася гады 3-4 таму назад. З першага погляду бачна, што парадак там падтрымліваўся і на працягу лета, і пасля заканчэння сезону. Прыбрана ўсюды даволі грунтоўна. А вось скасіць крапіву да прыбіральні ў “Окменіцы” рукі не дайшлі. За яе зараслямі і сам “шпакоўнік” цяжка разгледзець.
Наведаліся мы і на ліквідаваную стаянку на беразе возера Ельня. Там гаспадар даўно не прыкладваў рук. Людзі, па прывычцы, заязджаюць туды на адпачынак, а паколькі кантэйнераў няма, звальваюць усё смецце ў былы акоп.
На ўездзе на тэрыторыю заказніка “Міжазёрны” аншлагі настолькі выцвілі, што прачытаць нічога немагчыма.
Засмечана і яшчэ адна неафіцыйная стаянка на беразе Снудаў, якая знаходзіцца недалёка ад в. Будзілы. Трэба ж неяк прыглядаць не толькі за платнымі зонамі адпачынку, а і ў іншых месцах, дзе бываюць людзі, і караць за засмечванне ландшафту. Ёсць жа ў лясах гаспадары, якія і павінны адсочваць становішча.

Аляксандр Азевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.