На Браслаўшчыне прайшлі спаборніцтвы спінінгістаў

Актуальное

Думаю, не перабольшу, калі скажу, што гэтага дня з нецярпеннем чакалі дзясяткі спінінгістаў у розных кутках нашай Беларусі і бліжэйшыя суседзі, каб прадэманстраваць свій спрыт, навыкі і хітрыкі ў лоўлі зубатых драпежнікаў азёр.
У суботу аддзел фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама сумесна з ДПУ “Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры” ў чацвёрты раз правялі спаборніцтвы “Браслаўскі спінінг”. Трэці год запар яны праходзяць на возеры Снуды, а месцам збору служыць турыстычная стаянка “Перавалока”.
Калі летась вадаём сустрэў спінінгістаў высокімі хвалямі, то сёлета паднёс новы сюрпрыз – шчыльны туман, які слаўся над воднай гладдзю амаль да паўдня. І трэба сказаць, што гэтая метэаралагічная з’ява шмат каму сапсавала рыбалку. Пазней на беразе рыбаловы расказвалі, як яны блукалі ў тумане і не змаглі адшукаць сваіх улюбёных месц.
Улічваючы сітуацыю з метэаўмовамі, удзельнікі спаборніцтваў папрасілі арганізатараў прадоўжыць іх. Апошнія пайшлі на сустрэчу пажаданням і гадзіну “Ч”, калі трэба было вярнуцца на бераг, перанеслі на 15.00.
Суботні “Спінінг” сабраў найбольшую з усіх папярэдніх колькасць удзельнікаў. Іх прыехала на “Перавалоку” 57. Акрамя браслаўчан, у спаборніцтве ўдзельнічалі рыбаловы-аматары з Глыбокага, Мінска, Гродна, Віцебска, Міёр, Наваполацка, Рагачова, Брэста і Даўгаўпілса. У каманднае першынство запісаліся 46 чалавек, астатнія 11 прэтэндавалі на залікі толькі ў асабістым.
Пасля 11-ці гадзін лёгкі ветрык урэшце разагнаў туман, з-за аблокаў выглянула сонейка, што паспрыяла надзеям спінінгістаў на добрыя ўловы. І яны не спяшаліся раней вызначанага тэрміну вяртацца на бераг. Праўда, надзеі на ўлоў збыліся не ва ўсіх. Былі і тыя, хто застаўся без улову, аднак і такія рыбаловы вярталіся з вадаёма вясёлымі і бадзёрымі, бо правялі час на ім у экстрэмальных умовах і палашчыліся пад рэдкім восеньскім сонцам. А яшчэ сагрэцца можна было гарачай юшкай, якой бясплатна частавалі арганізатары.
Вялікімі ўловамі сёлетні “Браслаўскі спінінг” не надта радаваў яго ўдзельнікаў, аднак і не ўсіх расчараваў. Найбольш ўсяго пашанцавала Пятру Кнырко, які атрымаў адразу тры ўзнагароды. У намінацыях “Самы вялікі ўлоў” (11,04 кг) і самы буйны шчупак (6,86 кг) ён заняў першыя месцы. Другім стаў па колькасці здабытых рыб (4 галавы).
Пасля Пятра ў першай і другой намінацыях пераможцамі сталі адпаведна Ігар Шаўроў (4,4 кг), Аляксандр Шышко (3,81 кг), Аляксандр Хох (2,78 кг), Ігар Козел (1,6 кг).
Больш за ўсіх шчупакоў злавіў І. Шаўроў (6), П. Кнырко (4), П. Трус (3).
Самай удалай жанчынай-рыбачкай стала Святлана Юран (2 рыбіны).
Прызы юных рыбаловаў атрымалі Анджэй Бароўскі і Дзіма Шакур.
У камандным першынстве лідарамі сталі А. Шышко і А. Хох (7,62 кг), І. і С. Козелы (3,96 кг), А. Пезік і С. Сольскі (2,62 кг).
Арганізатары “Браслаўскага спінінга-2012” удзячны за аказаную дапамогу ў набыцці прызоў для пераможцаў ІП Паўлу Чайкоўскаму і Дануце Аляшкевіч.

Аляксандр Азевіч.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *