На беларуска-латвійскай мяжы зноў неспакойна

Актуальное

Складанымі выдаліся для пагранічнікаў Полацкага пагранатрада канец тыдня і мінулыя выхадныя. Не раз вайскоўцам у зялёных фуражках даводзілася спыняць незаконныя каналы цыгарэт і вылоўліваць нелегалаў.
Двойчы за мінулы тыдзень на беларуска-латвійскай мяжы пагранічнікі спынілі спробы мігрантаў з каўказскага рэгіёна яе перасячэння. Так, ноччу 19 кастрычніка ў 200 метрах ад мяжы ў Верхнядзвінскім раёне былі затрыманы 2 маладыя чалавекі. Бачна было, што падрыхтаваліся яны загадзя, бо пры сабе мелі сумку з рэчамі, грошы і мэтанакіравана рухаліся ўздоўж чыгункі ў бок Даўгаўпілса. Дарогу ж спрабавалі знайсці па карце Беларусі часоў СССР. На другі дзень ужо ў Браслаўскім раёне былі затрыманы яшчэ два парушальнікі мяжы. У абодвух выпадках каўказцы шукалі лепшых умоў жыцця, але чакаў іх адзін лёс: адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафаў і выдварэнне з краіны.
Актывізаваліся і цыгарэтныя кантрабандысты. У пункце пропуску “Урбаны” 20 кастрычніка быў затрыманы аўтамабіль “Аўдзі”, якім кіраваў літовец. Падчас агляду пагранічнікі знайшлі ў задніх колах яго аўтамабіля 18 блокаў цыгарэт “Вінстан” і “Мінск” з беларускімі акцызамі.
А 22 кастрычніка зноў жа ва “Урбанах” у рэфрыжэратары грузавога аўтамабіля была выяўлена схованка (двайная столь і падлога) з цыгарэтамі “LM” расійскай вытворчасці.
Абодва аўтамабіля адпраўлены на спецыяльны агляд. Колькасць цыгарэт і сума ацэнкі ўстанаўліваюцца.

Дзяніс Глебка,
памочнік начальніка Полацкага пагранатрада па рабоце са СМІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *