Малое прадпрымальніцтва на Браслаўшчыне развіваецца са станоўчай дынамікай

Власть и общество

У апошнія гады на Браслаўшчыне назіраецца ўстойлівае і дынамічнае развіццё прыватнага бізнесу. І гэта абумоўлена многімі фактарамі, у тым ліку і дзейснай падтрымкай з боку раённай улады. Пацвярджэннем таму і той факт, што на апошнім пасяджэнні райсавета абмяркоўвалася пытанне аб ходзе выканання Праграмы дзяржаўнай падтрымкі малога прадпрымальніцтва ў раёне на 2010-2012 гг.
Прааналізавала сітуацыю ў гэтым накірунку начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Алена Субота. Яна, у прыватнасці, зазначыла, што малое прадпрымальніцтва займае ўстойлівае месца ў эканоміцы раёна, садзейнічае фарміраванню канкурэнтнага асяроддзя, росту вытворчасці спажывецкіх тавараў, развіццю сферы паслуг, стварэнню новых рабочых месц.
На 1 кастрычніка бягучага года ў раёне налічваецца 68 малых прадпрыемстваў усіх форм уласнасці, на 5 больш, чым было летась. У асноўным яны зарэгістраваны ў горадзе Браславе, 2 маюцца ў г.п. Відзы і 18 – у сельскай мясцовасці.
Фонд сацыяльнай абароны аказвае беспрацоўным фінансавую дапамогу ў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці. Летась субсідыі былі выдзелены 2-м чалавекам (15 млн. руб.). А ўсяго на падтрымцы суб’ектаў малога прадпрымальніцтва асвоена ў 2011 г. 75,7 млн. руб. За 9 месяцаў бягучага года выдзелена 69,3 млн. руб. фінансавай дапамогі, з іх для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці 19,3 млн.Толькі ў кастрычніку 3 беспрацоўныя атрымалі субсідыі і зарэгістраваны ІП.
Усяго цяпер у раёне сваю дзейнасць ажыццяўляюць 402 ІП і 68 малых прадпрыемстваў. З іх найбольшую ўдзельную вагу займаюць тыя, хто заняты ў сферы гандлю, затым ідуць транспартныя паслугі, будаўніча-рамонтныя работы, тэхнічнае абслугоўванне і рамонт транспартных сродкаў, цырульніцкія паслугі.
У 2011 г. створана 314 новых рабочых месц, з іх ліку 100 суб’ектамі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Праўда, сёлета гэтыя лічбы значна меншыя – адпаведна 172 і 69.
За студзень—верасень 2012 г., па словах А. Суботы, у бюджэт ад ІП паступіла 2 млрд. 225 млн. руб. падаткаў (4,6% ад агульнага паступлення), ад прыватных прадпрыемстваў 5 млрд. 875 млн. руб. (12,2% ад агульнага паступлення ў бюджэт).
Алена Субота канстатавала, што з боку райвыканкама, райсавета для развіцця малога бізнесу забяспечана інфармацыйная і фінансавая падтрымка. Праводзяцца таксама нарады, кансультацыі, семінары па растлумачэнні заканадаўства, зменах у дакументах і палажэннях, сустрэчы з прадпрымальнікамі кіраўніцтва раёна, “прамыя” і “гарачыя” лініі.
Прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу раёна пастаянна ўдзельнічаюць у праводзімых абласных мерапрыемствах. Так, у 2011 г. у конкурсе “Лепшы прадпрымальнік года Віцебскай вобласці” лаўрэатам стала ПП “Менелай”, у 2012 г. – такога ж звання дабілася ПП “Звездаарктур”.
Для арганізацыі вытворчай і гандлёва-камерцыйнай дзейнасці прадпрымальніцкім структурам здадзена ў арэнду 1083, 5 кв.м невыкарыстоўваемай плошчы камунальнай уласнасці раёна, заключана 28 дагавораў арэнды капітальных збудаванняў.
Невыкарыстоўваемая маёмасць прадаецца з аўкцыёнаў з устанаўленнем пачатковай цаны продажу адна БВ з умовай ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці.
Праўда, як адзначалі на пасяджэнні прэзідыума старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў і старшыня райсавета Ніна Пучынская, нягледзячы на тое, што зроблена нямала, усё ж недастаткова вядзецца работа па стварэнні новых прадпрыемстваў, прыцягненні інвестыцый. “Ад праводзімых мерапрыемстваў не заўсёды ёсць якасная і дзейсная аддача. Не трэба баяцца прадаваць невыкарыстоўваемыя аб’екты, а наадварот, зацікаўліваць людзей іх нізкай цаной”, — гаварыў Сяргей Шматаў.
Ніна Пучынская звярнулася да старшынь сельвыканкамаў, каб яны праяўлялі таксама больш ініцыятывы ў садзейнічанні развіццю малога бізнесу на вёсцы.
Дэпутаты райсавета падчас пасяджэння ўшанавалі памяць дэпутата ад Фрунзенскай акругі №2 Н. Андрук мінутай маўчання.

Зінаіда Палулех.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *