Маладыя таленты Браслаўшчыны атрымалі імянныя стыпендыі (фота)

Власть и общество

«Наперад, да новых вяршынь!» Менавіта гэтыя словы часцей за ўсё гучалі на ўрачыстасці ўручэння імянных стыпендый старшыні райвыканкама пяці сёлетнім лаўрэатам.
У нашай краіне здольным вучням і студэнтам удзяляецца самая павышаная ўвага. Яны атрымліваюць стыпендыі Прэзідэнта РБ Аляксандра Лукашэнкі, старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Косінца, і вось ужо чацвёрты год лепшых вучняў ушаноўваюць і ў нашым раёне.
Вітаючы ў зале пасяджэнняў райвыканкама лаўрэатаў, старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў падкрэсліў, што дзеці – гэта наша будучыня, і нам, дарослым, у час сучасных тэхналогій трэба ствараць ім такія ўмовы, каб яны не толькі добра вучыліся, развіваліся, але і выраслі гарманічна развітымі грамадзянамі. С. Шматаў з задавальненнем зазначыў, што браслаўскія школьнікі дастойна неаднойчы зарэкамендавалі сябе як на прадметных алімпіядах, так і ў іншых мерапрыемствах на рэспубліканскім і абласным узроўнях, пажадаў ім і надалей ісці ўпэўненымі крокамі да пакарэння новых вышынь, выказаў таксама ўдзячнасць запрошаным на ўрачыстасць настаўнікам, бацькам, штодзённая праца якіх прыносіць такія плённыя вынікі.
Сярод сёлетніх лаўрэатаў стыпендыі старшыні райвыканкама ў намінацыі “Вучэбная, даследчая і інтэлектуальная дзейнасць” вучаніца 10 класа гімназіі Вікторыя Верпечынскене, якая праславіла наш раён на рэспубліканскім узроўні і заняла 2 месца на алімпіядзе па беларускай мове Вікторыя Верпечынскене, вучаніца 10 класа СШ №2 Маргарыта Каладзінская, пераможніца рэспубліканскага праекта “100 ідэй для Беларусі”, вучань 9 класа гімназіі Антон Кук’ян, пераможца абласной алімпіяды па матэматыцы, вучаніца 10 класа Урбанскай сада- школы Надзея Шыдлоўская, пераможніца абласной алімпіяды па беларускай мове. А ў намінацыі “Спартыўная і турыстычна-краязнаўчая дзейнасць” адзначана вучаніца 9 класа гімназіі Анастасія Ракіцкая, пераможніца лёгкаатлетычных спаборніцтваў абласной круглагадовай спартакіяды школьнікаў.
Старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў уручыў ім дыпломы і кветкі, яшчэ раз выказаў спадзяванне, што сваім стараннем, далейшымі поспехамі і дасягненнямі стыпендыяты будуць праслаўляць нашу Браслаўшчыну і ў далейшым.
Ад імя ўзнагароджаных Маргарыта Каладзінская выказала ўдзячнасць настаўнікам, бацькам за добрыя веды і выхаванне, раённаму выканаўчаму камітэту — за падтрымку, якая дае стымул для далейшых здзяйсненняў.
За плённую працу настаўнікі лаўрэатаў атрымалі ўдзячнасці ад начальніка аддзела адукацыі Івана Абаровіча.
Настаўніца матэматыкі гімназіі Валянціна Мірановіч зазначыла, што працаваць з таленавітымі дзецьмі — адно задавальненне, карысць зносін ёсць і для вучня, і для самога педагога, бо аднаго і другога гэта штурхае да самаадукацыі, самаўдасканалення.
Шмат цёплых слоў у гэты дзень пачулі ў свой адрас мамы і таты лаўрэатаў стыпендыі. Ім дзякавалі за душэўную шчодрасць, цярпенне і цеплыню сэрцаў, уручылі ўдзячнасці і кветкі. У сваю чаргу, мама Алена Ракіцкая выказала шчырыя словы падзякі мясцовай уладзе і настаўнікам за тое, што яны дапамагаюць развіваць і ўдасканальваць таленты дзяцей.
Напрыканцы ўрачыстасці стыпендыяты сфатаграфаваліся на памяць са старшынёй райвыканкама Сяргеем Шматавым, настаўнікамі, бацькамі.

Тэкст і фота Зінаіды Палулех.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *