Браслаўскія работнікі культуры паўдзельнічалі ў міжнародным семінары

Актуальное

З пачатку бягучага года дзейнічае міжнародны праект “Радасць мабільнасці”, накіраваны на ўмацаванне сацыяльна-культурных сувязей паміж Даўгаўпілскім (Латвія), Зарасайскім (Літва) і Браслаўскім рэгіёнамі. Ён прадугледжвае правядзенне сумесных семінараў, лагераў, канцэртаў.
На Браслаўшчыне ўжо прайшлі адзін этнамузычны лагер і адзін семінар. Другі ж семінар у рамках праекта адбыўся ў Зарасаі напрыканцы верасня. Мерапрыемства было прысвечана захаванню культурнай спадчыны Літоўскай рэспублікі. Дэлегацыя нашага раёна ўключала 17 чалавек. У яе склад увайшлі супрацоўнікі аддзела культуры райвыканкама, ЦБС, РДК і СДК, у тым ліку кіраўнікі. Падчас трохдзённага семінара яго ўдзельнікі знаёміліся з гарадамі Літвы і іх выдатнымі мясцінамі, удзель-нічалі ў культурна-масавых мерапрыемствах этнаграфічнага характару, слухалі лекцыі і, безумоўна, дзяліліся вопытам з замежнымі калегамі. Адзін дзень быў цалкам прысвечаны экскурсіі ў Вільнюс, падчас якой нашы землякі наведалі Нацыянальны тэатр оперы і балета, Нацыянальную філармонію і Мастацкую галерэю Рэспублікі Літва.
Як адзначаюць удзельнікі семінара, у Літве, як і ў Беларусі, многае робіцца для захавання культурнай спадчыны. Нашы суседзі маюць амаль аднолькавыя з намі праблемы ў сферы адраджэння вёскі і яе векавых традыцый. Яны таксама праводзяць святы вёсак і нават асобных сямей, каб паказаць і падкрэсліць аўтэнтычныя нацыянальныя асаблівасці культуры.
Па словах каардынатара праекта на тэрыторыі Браслаўскага раёна Галіны Паніч, такія сумесныя мерапрыемствы дазваляюць параўнаць розныя падыходы да вырашэння адной і той жа праблемы, прымяніць лепшы вопыт на практыцы ў сябе.
Наступны семінар пройдзе ў горадзе Даўгаўпілсе.

Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *